Густаў Гусак
Гу́стаў Гу́сак (па-славацку: Gustáv Husák; 10 студзеня 1913, Дубраўка — 18 лістапада 1991, Браціслава) — апошні прэзыдэнт сацыялістычнай Чэхаславаччыны, славак па нацыянальнасьці.
Жыцьцяпіс
рэдагавацьГустаў Гусак нарадзіўся ў сям’і рабочага. У 16 гадоў стаў сябрам арганізацыі камуністычнай моладзі, калі вучыўся ў гімназіі ў Браціславе. У 1933 годзе, будучы студэнтам-юрыстам, стаў сябрам Кампартыі Чэхаславаччыны. У 1938 годзе ажаніўся з акторкай Магдай Лаквэнцавай. У час Другой сусьветнай вайны выступаў супраць марыянэткавай славацкай фашысцкай дзяржавы, чатыры разы арыштоўваўся. Смутным фактам у яго біяграфіі ў гэты час зьяўляецца яго цеснае сяброўства зь лідэрам славацкіх фашыстаў Аляксандрам Махам і іх сумесная паездка ў акупаваны СССР у Катынь. Гусак пасьля сьцьвярджаў, што Мах прымусіў яго паехаць пры дапамозе пагроз. Падчас антыфашысцкага Славацкага народнага паўстаньня быў намесьнікам старшыні Славацкай Народнай Рады, якая каардынавала паўстаньне. У 1948 годзе пасьля дзяржаўнага перавароту і прыходу камуністаў да ўлады зрабіў хуткую кар’еру, але ў 1950 годзе быў абвінавачаны ў «буржуазным нацыяналізьме» і ў лютым 1951 году арыштаваны. У 1954 годзе быў прысуджаны да пажыцьцёвага зьняволеньня, на працэсе не прызнаў віну. Пакараньне адбываў разам з Аляксандрам Махам і іншымі былымі сябрамі фашысцкага ўраду Славаччыны. У 1960 годзе прэзыдэнт Новатны амніставаў Гусака, а ў 1963 годзе поўнасьцю рэабілітаваў.
У 1960-х — адзін з маладых рэфарматараў Кампартыі ЧССР, гарачы прыхільнік Дубчака, выступаў супраць умяшаньня СССР у справы Чэхаславаччыны. На маскоўскіх перамовах у жніўні 1968 году Гусак «прагматычна» зьмяніў курс і стаў прыхільнікам Брэжнева.
У 1969 годзе становіцца Першым сакратаром Камуністычнай партыі Чэхаславаччыны, у 1971 становіцца Генэральным сакратаром. Курс Гусака атрымаў назву «нармалізацыі», гэта значыць ліквідацыі наступстваў палітычных рэформаў, зробленых падчас Праскай вясны, што кампэнсавалася эканамічнымі стымуламі. У кіраўніцтве КПЧ наступіў застой — склад ЦК і Палітбюро амаль не зьмяніўся з 1971 па 1989 год. У 1975 годзе стаў прэзыдэнтам ЧССР.
У 1987 годзе сышоў у адстаўку з пасады Генэральнага сакратара ЦК КПЧ (яго зьмяніў Мілаш Якэш), аднак захаваў пасаду прэзыдэнта ЧССР. Пасьля аксамітнай рэвалюцыі 1989 году Гусак даручыў Марыяну Чалфе скласьці «Ўрад народнай згоды» і сышоў у адстаўку. Новым прэзыдэнтам быў абраны дысідэнт Вацлаў Гавэл.
Узнагароджаны вышэйшымі ўзнагародамі Чэхаславаччыны і іншых сацыялістычных дзяржаваў.
Вонкавыя спасылкі
рэдагавацьГустаў Гусак — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў