Верхненямецкія мовы

моўная сям’я

Ве́рхненяме́цкія мовы (таксама ве́рхненяме́цкія дыяле́кты) — падгрупа нямецкіх дыялектаў у складзе заходнегерманскай групы германскай галіны індаэўрапейскае сям’і моваў, распаўсюджаная на поўдзень ад ізаглёсаў Бэнрата й Юрдынгена ў такіх рэгіёнах і краінах як цэнтральная й паўднёвая Нямеччына, Аўстрыя, Ліхтэнштайн, Швайцарыя, Люксэмбург, а таксама ў сумежных частках Бэльгіі, Нідэрляндаў, Францыі, Італіі, Польшчы і ў дыяспары.

верхненямецкая група
Народнасьць немцы, габрэі, цымбры
Арэал Заходняя Эўропа
Лінгвістычная клясыфікацыя Індаэўрапейская сям’я
Склад
сярэдненямецкія дыялекты,
ідыш,
верхнефранконскі дыялект,
паўднёванямецкія дыялекты
Continental West Germanic languages.png
Верхненямецкія мовы на мапе Цэнтральнай Эўропы (аранжавым і сьветла-аранжавым)
Лінія Бэнрата

Верхненямецкія мовы перадусім адзначаюцца наяўнасьцю г. зв. верхненямецкага перасоўваньня зычных, што адрозьнівае іх ад іншых дыялектаў і моваў, што традыцыйна лічацца нямецкімі дыялектамі — ніжненямецкіх і ніжнефранконскіх.

КлясыфікацыяРэдагаваць

У тэрміналягічным дачыненьні тэрмін верхненямецкія мовы перш за ўсё адносіцца да дыялектаў, на аснове якіх узьніклі літаратурная нямецкая мова, люксэмбурская мова й ідыш. Гэтыя дыялекты распаўсюджаныя ў цэнтральнай узвышанай частцы Нямеччыны, ейных альпійскіх раёнах, а таксама ў Аўстрыі, Ліхтэнштайне, Люксэмбургу і нямецкамоўных рэгіёнах Швайцарыі. У цэлым тэрмін верхненямецкія мовы падразумявае супрацьпастаўленьне ніжненямецкім дыялектам, распаўсюджаным на Паўночна-Нямецкай нізіне.

У шырэйшым значэньні верхненямецкія дыялекты падзяляюцца на тры групы дыялектаў: паўднёванямецкія — аўстрыйскі й швайцарскі дыялекты, сярэдненямецкія (распаўсюджаныя па ўсёй цэнтральнай Нямеччыне, а таксама ў Люксэмбургу, дзе гэтыя дыялекты маюць стандартызаваную норму — люксэмбурскую мову) і верхнефранконскі дыялект, які ў асноўным спалучае рысы першых дзьвюх дыялектных групаў[1].

Верхненямецкія дыялекты ў асноўным адрозьніваюцца ад іншых заходнегерманскіх моваў і дыялектаў у перасоўваньні шэрагу зычных гукаў (г.зв. верхненямецкае перасоўваньне зычных), якое адбылося прыблізна ў VI ст. н. э. Пасьля гэтых зьменаў у пэўнай ступені зьмянілася вымаўленьне зычных /p/, /t/, /k/, а таксама (часткова) /b/, /d/, /g/. Так, зычны /p/ у пачатку словаў або ў сярэдзіне слова пасьля /m, n, l, r/ падвоіўся або пераўтварыўся ў /pf/; /t/ перайшоў у /ts/, /k/ — у /kx/. У выпадку, калі /p/ стаіць у канчатковай пазыцыі і пасьля галоснага, ён пераўтварыўся ў /f/, адпаведна з гэтым /t/ перайшло ў /s/, /k/ — у /x/. У сярэдзіне словаў між галоснымі гэтыя зычныя перайшлі ў сьпіранты пасьля кароткіх і ў падвоеныя пасьля доўгіх. Гэтыя фанэтычныя рысы, у прыватнасьці, адрозьніваюць верхненямецкія дыялекты ад ніжненямецкіх, дзе гэтыя зычныя захаваліся на ўзор іных заходнегерманскіх[2]. У найбольш паўднёвых гаворках верхнеалеманскіх дыялектаў гэтыя зьмены пайшлі ў бок большых інавацыяў (напрыклад, [k] > [k͡x]).

ГісторыяРэдагаваць

Адасабленьне старажытнаверхненямецкай мовы зь іншых германскіх дыялектаў распачалося блізу ў VI ст. н. э., у ХІІІ ст. швабскі дыялект і ўсходнефранконскія дыялекты сярэдневерхненямецкае мовы сталі асноўнымі мовамі двара і паэзіі, зазнаўшы росквіт пры паўднёванямецкай дынастыі Гагеншаўфэнаў. Пад сучасным тэрмінам верхненямецкія дыялекты сталі ўзгадвацца ў XV ст. Зь сярэдзіны XI ст. па XIV ст. вылучаецца сярэдневерхненямецкі пэрыяд, падчас якога ажыцьцяўлялася складаньне граматыкі й лексыкі. Прыкладна ў сярэдзіне XVII ст. адлічваецца новаверхненямецкі пэрыяд, які лічыцца сучасным этапам у разьвіцьці гэтых дыялектаў. Для гэтага пэрыяду таксама характэрнае павелічэньне лексычнай базы і ўнармаваньне артаграфічных нормаў.

Пазьней ніжненямецкія дыялекты раньняй часткі Новага часу, а таксама раньнія новаверхненямецкія дыялекты (асабліва ўсходнесярэдненямецкія дыялекты Бібліі Лютэра) паступова леглі ў аснову літаратурнай нямецкай мовы[3].

КлясыфікацыяРэдагаваць

Падзел унутры германскіх моваў нярэдка паддаецца цяжкасьцям з прычыны ўтварэньня разнастайнымі дыялектамі ўзамназразумелых дыялектных сукупнасьцяў. Гэта таксама зьяўляецца прычынай цяжкасьцяў пры клясыфікацыі верхненямецкіх дыялектаў адносна іншых заходнегерманскіх.

  • Вехрненямецкія дыялекты:
    • Сярэдненямецкія дыялекты (у тым ліку літаратурная нямецкая мова):
    • Заходнесярэдненямецкія дыялекты:
      • Сярэднефранконскія дыялекты:
        • Рыпуарскія дыялекты;
        • Мозэльска-франконскія дыялекты (у тым ліку люксэмбурская літаратурная мова);
      • Райнска-франконскія дыялекты:
      • Пэнсыльванска-нямецкі дыялект (маўленьне немцаў ЗША й Канады);
    • Верхнефранконскі дыялект:
      • Усходнефранконскі дыялект;
      • Паўднёвафранконскі дыялект;
    • Паўднёванямецкія дыялекты:
      • Алеманскі дыялект, уключна зь нямецкімі дыялектамі Швайцарыі:
        • Швабскі дыялект;
        • Ніжнеалеманскі дыялект (у тым ліку эльзаскі і базэльскі);
        • Верхнеалеманскі дыялект;
        • Горнаалеманскі дыялект;
      • Баварскі дыялект, уключна зь нямецкімі дыялектамі Аўстрыі:
    • Ідыш (разьвілася зь сярэдняй формы верхненямецкіх дыялектаў. Лічыцца асобнай мовай з сацыялінгвістычных прычынаў).

КрыніцыРэдагаваць

  1. ^ Russ, Charles. The Dialects of Modern German: A Linguistic Survey. — Routledge, 1989.
  2. ^ Robinson, Orrin. Old English and its Closest Relatives. — Routledge, 1994.
  3. ^ Russ, Charles. The German Language Today: A Linguistic Introduction. — Routledge, 1994.

ЛітаратураРэдагаваць

  • Schneider, Hansjakob. Hochdeutsch – das kann ich auch. Der Erwerb des Hochdeutschen in der deutschen Schweiz: Eine Einzelfallstudie zur frühen mündlichen Sprachproduktion. — Bern: Peter Lang (Zürcher Germanistische Studien 50), 1998. — ISBN 978-3-906760-59-9
  • Lindqvist, Christer. III. Internationales Symposium, Greifswald, 24.–25. — Frankfurt am Main: Peter Lang (Osloer Beiträge zur Germanistik 38), 2002. — ISBN 978-3-631-55505-7
  • Harald Wiese. Eine Zeitreise zu den Ursprüngen unserer Sprache. Wie die Indogermanistik unsere Wörter erklärt. — Berlin: Logos Verlag, 2007. — ISBN 78-3-8325-1601-7
  • Werner König. dtv-Atlas zur deutschen Sprache. Tafeln und Texte. Mit Mundartkarten. — München: Deutscher Taschenbuchverlag, 1978. — ISBN 3-423-03025-9
  • Friedrich Maurer. Nordgermanen und Alemannen: Studien zur germanische und frühdeutschen Sprachgeschichte, Stammes- und Volkskunde. — Strasbourg: Hünenburg, 1942.