Васіль Самцэвіч

беларускі краязнавец

Васіль Андрэевіч Самцэвіч (19 сакавіка [ст. ст. 7 сакавіка] 1889, Дакудава, цяпер Крупскі раён, Менская вобласьць, Беларусь — 1973, Барысаў, Менская вобласьць, цяпер Беларусь) — беларускі краязнавец і пэдагог.

Васіль Самцэвіч
Род дзейнасьці краязнаўства
Дата нараджэньня 19 сакавіка 1889
Месца нараджэньня Дакудава, Барысаўскі павет, Менская губэрня, Паўночна-Заходні край, Расейская імпэрыя
Дата сьмерці 11 кастрычніка 1973
Месца сьмерці Барысаў, Менская вобласьць, Беларуская ССР, Савецкі Саюз
Грамадзянства Расейская імпэрыя, Беларуская ССР (1919—1922), Савецкі Саюз
Месца вучобы Віцебскі настаўніцкі інстытут (1915), Менскі вышэйшы пэдагагічны інстытут (1935)
Занятак краязнавец, пэдагог
Навуковая сфэра краязнаўства
Месца працы Беларуская акадэмія навук (1928—1933)
Гады дзейнасьці 1923—1957
Пасада навуковы сакратар Цэнтральнага бюро краязнаўства
Тэрмін 1928—1932
Бацька Андрэй Самцэвіч
Узнагароды ордэн «Знак пашаны», Ганаровая грамата Вярхоўнага Савету БССР

Навуковы сакратар Цэнтральнага бюро краязнаўства (1928—1932). Заслужаны настаўнік БССР (1945). Ляўрэат ордэна «Знак пашаны» і Ганаровай граматы Вярхоўнага Савету БССР[1]. Старэйшы брат мовазнаўца Пятра Самцэвіча і мікрабіёляга Сямёна Самцэвіча[2].

Жыцьцяпіс

рэдагаваць

У 1908 годзе скончыў Маладэчанскую настаўніцкую сэмінарыю (Вялейскі павет, Віленская губэрня). У 1915 годзе скончыў Віцебскі настаўніцкі інстытут і Віцебскае аддзяланьне Маскоўскага археалягічнага інстытуту[1]. Затым за 4 месяцы скончыў Віленскую вайсковую вучэльню ў Палтаве, дзе атрымаў вайсковую годнасьць прапаршчыка. Пачаў службу камандзірам узвода 244-га пяхотнага Чырвонастаўскага палка, а пазьней узначаліў роту. У 1917 годзе трапіў на Румынскі фронт. Браў удзел у Лютаўскай рэвалюцыі і Кастрычніцкім перавароце 1917 году[1].

У 1918 годзе пачаў працаваць настаўнікам у Лагойскай 7-гадовай школе (Барысаўскі павет, Менская губэрня). У 1920—1922 гадох служыў у Чырвонай арміі камандзірам роты і затым батальёну ў ходзе Грамадзянскай вайны ў Расеі. У 1923—1928 гадох працаваў настаўнікам у Барысаве (Беларуская ССР). У 1924—1927 гадох узначальваў Барысаўскую акруговую мэтадычную камісію. У 1928—1933 гадох працаваў у Беларускай акадэміі навук[1], дзе зь 1928 году ўзначальваў школьны аддзел, а ў 1928—1932 гадох займаў пасаду навуковага сакратара Цэнтральнага бюро краязнаўства[3]. Кіраваў Барысаўскай краязнаўчай філіяй. Зьмяшчаў артыкулы ў краязнаўчым часопісе «Наш край», у тым ліку «Вёска Дакудава (Крупскі р. Аршанскай акругі)» (1927), «Аб арганізацыі краязнаўчай працы на фабрыках і заводах», «Да вывучэньня калгасаў» (1929) і «Калгаснае будаўніцтва і краязнаўства» (1930). Выступаў памагатым свайго брата-мовазнаўца Пятра Самцэвіча ў складаньні слоўніка беларускай мовы і фальклёрных збораў[2].

У 1933 годзе вярнуўся да настаўніцтва ў Барысаве, дзе стаў выкладаць беларускую мову і літаратуру. У 1935 годзе скончыў Менскі вышэйшы пэдагагічны інстытут. У 1939—1941 гадох займаў пасаду загадніка Барысаўскага гарадзкога аддзелу народнай асьветы. Браў удзел у Нямецка-савецкай вайне, падчас якой служыў у вайсковым палявым шпіталі. У 1945 годзе вярнуўся на пасаду загадніка Барысаўскага гарадзкога аддзелу народнай асьветы і ўступіў у Камуністычную партыю Беларусі. У 1948 годзе заняў пасаду загадніка навучаньня Новабарысаўскай сярэдняй школы № 6, дырэктарам якой стаў у 1951 годзе. У 1950—1964 гадох выдаў некалькі падручнікаў па беларускай мове для вучняў 1—7 клясаў. У 1955 годзе выдаў «Мэтодыку беларускай мовы ў пачатковай школе» дзеля павышэньня выніковасьці выкладаньня. Некалькі разоў выбіраўся ў Барысаўскі гарадзкі Савет дэпутатаў. У 1957 годзе выйшаў на пэнсію[1].

  1. ^ а б в г д Даты, падзеі, людзі // Зьвязда : газэта. — 19 сакавіка 2014. — № 50 (27660). — С. 6. — ISSN 1990-763x.
  2. ^ а б Генадзь Каханоўскі. Самцэвіч Васіль Андрэевіч // Этнаграфія Беларусі: энцыкляпэдыя / гал.рэд. Іван Шамякін. — Менск: Беларуская савецкая энцыкляпэдыя, 1989. — С. 446447. — 575 с. — 20 000 ас. — ISBN 5-85700-014-9
  3. ^ Самцэвіч Васіль Андрэевіч // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 2002. — Т. 14: Рэле — Слаявіна. — С. 143. — 512 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0238-5