Бухаўшына (Маладэчна)

(Перанакіравана з «Бухоўшызна (Маладэчна)»)

Бухаўшчына (Бухоўшчызна) — гістарычная мясьцяіна Маладэчна, былая вёска. Раён разьмешчаны на поўнач ад Вялікага Гасьцінцу, на поўдзень ад чыгуначнай лініі на Ліду й Гудагай і на захад ад вуліцы Партызанскай. Праз Бухаўшчыну працякае напалову каналізаваная прытока Вушы Бухаўка.[1]

Гісторыя рэдагаваць

Вёска атрымала вядомасьць пасьля ўвядзеньня ў дзеяньне чыгункі Лібава — Ромны ў 1873 годзе, калі з разьвіцьцём чыгуначнага вузла ля станцыі за вярсту ад мястэчка Маладэчна вырас новы жылы масіў. Новае паселішча хутчэй адносілася да суседняй вёскі Бухаўшчына, чым да Маладэчна. Увесну 1919 году вяскоўцы разам з маладэчанцамі заклалі першую камуну, якой кіраваў селянін Аляксей Пагуда. Паводле савецка-летувіскай дамовы 1920 року мяжа паміж РСФСР і Рэспублікай Летува павінная была прайсьці з усходняга боку вёскі. З 1921 року ў складзе Віленскага ваяводзтва Польшчы. У 1927 ў сувязі з утварэньнем Маладэчанскага павету побач зь вёскай быў узьведзены будынак стараства. Паводле загаду ад 26 красавіка 1929 Бухаўшчына ўвайшла ў склад навастворанага гораду Маладэчна. З 1936 г. на рагу сучасных вуліц Грамадоўскай і Бухаўшчыны функцыянавала няпоўная сярэдняя школа №10 для дзяцей чыгуначнікаў і ваеннаслужачых з Галянова. У вайну будынак згарэў.[2] Паводле ўспамінаў мясцовых жыхароў у першай палове ХХ ст. адразу за Бухаўкай разьмяшчалася крыніца зь лячэбнай вадой.

Сучаснасьць рэдагаваць

У паваенны час Бухаўшчына забудоўвалася галоўным чынам у заходнім кірунку, у выніку чаго ўтварылася прастакутная сетка вуліцаў. Галоўнымі артэрыямі раёну зьяўляюцца вуліцы Лібава-Роменская, Грамадоўская ды Буйніцкага. На тэрыторыі Бухаўшчыны месьцяцца швейная фабрыка «Юнона», музычнае вучылішча, мэдыцынскі каледж, гімназія, дзьве дашкольныя ўстановы. Аб колішняй вёсцы нагадвае назоў вуліцы Бухаўшчына.

Гістарычныя збудаваньні, помнікі рэдагаваць

  • Жылыя будынкі і былая жыдоўская карчма па вул. Бухаўшчына, пачатак ХХ ст.
  • Функцыяналістычны катэдж па вул. Бухаўшчына, 1930-я гады
  • Склады гаруча-змазачных матэрыялаў Войска Польскага, 1930-я гады (пачатак вул. Лібава-Роменскай)
  • Помнік Міхалу Клеафасу Агінскаму ля ўваходу ў музычную вучэльню
  • Помнік лякаматыву на рагу вул. Буйніцкага й Лібава-Роменскай

Галерэя рэдагаваць

Крыніцы рэдагаваць

  1. ^ Рэкі-прывіды Маладэчна
  2. ^ Маладзечанская газета, 17 чэрвеня 1998

Літаратура рэдагаваць

  • Г. А. Каханоўскі. Маладзечна. -Мн., Полымя, 1988