Беларускі клюб (Польшча)
«Беларускі клюб», або «Клюб Беларускае Палітычнае Думкі»[1] — гурток беларускіх дзеячоў Польшчы, які дзейнічаў з 1989 па 1990 гады. Быў заснаваны 11 лютага 1989 году ў м. Беласток, ПНР[2]. Вынікам было заснаваньне грамады Беларускае Дэмакратычнае Аб'яданьне.
Прыблізна ў 1989 годзе наведаў Юрыя Туронка Яўген Вапа і прапанаваў заснаваць у Беластоку «Беларускі клюб» для абмеркаваньня палітычнай стану жыцьця беларусаў у Польшчы. Яўген Вапа патлумачыў, што ў сувязі з чэрвеньскімі выбарамі ў Сойм і Сэнат можам спадзявацца на прапановы апазыцыйнай «Салідарнасьці» і ў такім выпадку павінны быць гатовымі да размоў зь яе прадстаўніком. Юры Туронак лічыў, што ва ўмовах польска-беларускага антаганізму на Беласточчыне дамаўляцца з салідарнікамі немагчыма. Юры Туронак прынцыпова згадзіўся зь ідэяй заснаваньня Клюбу, але выключыў магчымасьць любога ўдзелу ў сустрэчах прадстаўнікоў польскіх урадавых і апазіцыйных структур. Юры Туронак лічыў, што Клюб павінен дзейнічаць самастойна і нелегальна з удзелам невялікай колькасьці кампэтэнтных інтэлектуаляў і па магчымасьці ўплываць на дзейнасьць беларускіх арганізацыяў. Толькі пры такой умове Юры Туронак пагаджаўся быць яго членам. Яўген Вапа, згадзіўся з патрабаваньнем Юрыя Туронка, што адлюстравала заснавальная дэклярацыя Клюбу, у якой не згадвалася магчымасьць кантакту з апазыцыяю ў ПНР.
11 лютага 1989 году «Беларускі клюб» пачаў сваю дзейнасьць.
Асабовы склад
рэдагавацьБеларускі клюб дзейнічаў у наступным складзе:
- Яўген Вапа,
- Мікола Ваўранюк,
- Юрка Каліна,
- Алег Латышонак,
- Юрка Ляшчынскі,
- Ян Максымюк,
- Антон Мірановіч,
- Яўген Мірановіч,
- Лявон Тарасевіч,
- Юры Туронак,
- Сакрат Яновіч[3].
Юрыя Туронка аднагалосна выбралі старшынёй[4]. Пазьней далeчыліся да клюбу Валянцін Сельвесюк і Віктар Стахвіюк, а ў жніўні адмовіўся ад удзелу Ян Максымюк.
Дзейнасьць
рэдагавацьУ 1989 годзе пасяджэньні Беларускага клюбу адбываліся амаль штомесяц. Абмяркоўвалася эканамічнае становішча ўсходняй Беласточчыны, канфэсійныя пытаньні, пытаньні руху моладзі, палітычны стан у БССР. Аднак найбольшае зацікаўленьне удзельнікаў выклікалі чэрвеньскія выбары ў Польшчы 1989 году. 16 красавіка 1989 году члены Клюбу рашылі прыняць удзел у выбарах самастойна і вылучылі двух незалежных кандыдатаў — Яўгена Мірановіча ў Сойм і Сакрата Яновіча ў Сэнат[4]. Праўда, яны не набралі неабходнай колькасьці галасоў, аднак усё ж на іх прагаласавала амаль 40 тысяч выбаршчыкаў. Такая падтрымка нашых кандыдатаў узбудзіла спадзяваньне членаў Клюбу на магчымасьць дасягненьня ў будучыні яшчэ лепшых выбарчых вынікаў. Верагоднасьць парляманцкага прадстаўніцтва садзейнічаў усьведамленьню неабходнасьці актывізацыі палітычнай работы сярод насельніцтва, якую павінна была ажыцьцяўляць свая палітычная партыя. Летам і восеньню 1989 году гэтая ідэя цалкам апанавала дзейнасьць Клюбу. Пасьля дасьледаваньня неабходных юрыдычных патрабаваньняў 3 верасьня на пасяджэньні Клюбу была вылучана ініцыятыўная група па стварэньні грамадзкага камітэту, які заняўся падрыхтоўкай устаноўчага зьезду партыі — Беларускага Дэмакратычнага Аб’яднаньня[4]. Дзейнасьць Беларускага клюбу выклікала немалыя беды. Некаторых членаў не задавальнялі яго абстрактныя мэты і закрыты характар. Нягледзячы на аднагалосна прынятую пастанову, некаторыя сябры самавольна запрашалі на сустрэчы сваіх калег, і нават прадстаўніка «Салідарнасьці» Костшэву. Недапушчальным быў учынак Сакрата Яновіча, які перадаў рэдакцыі нью-ёрцкага «Беларуса» інфармацыю пра заснаваньне Беларускага клюбу і яго асабовы склад, апублікаваную ў нумары за травень — чэрвень 1989 году. 5 жніўня 1990 году ўчынак Сакрата Яновіча быў асуджаны на пасяджэньні Беларускага клюбу і, каб ня быць выключаным дысцыплінарна, ён сам адмовіўся ад далейшага супрацоўніцтва. Час ад часу выказваліся заўвагі, быццам Клюб прэтэндуе на ролю нейкага вярхоўнага органа, намераны кіраваць іншымі беларускімі арганізацыямі, або нічога ня робіць і таму яго можна закрыць. Лявон Тарасевіч і Віктар Стахвіюк настойвалі на ператварэньні Клюбу ў дапаможны палітычны орган Беларускага Дэмакратычнага Аб’яднаньня, але іншыя сябры — Валянцін Сельвесюк, Яўген Вапа, Мікола Ваўранюк і Алег Латышонак — выказваліся за далейшае самастойнае яго існаваньне і супрацоўніцтва з БДА.
Апошнім зьдзяйсьненьнем Беларускага клюбу была падрыхтоўка закрытай канфэрэнцыі вядучых беларускіх незалежніцкіх дзеячаў зь Беларусі, Беласточчыны і эміграцыі, якая ўжо пад вывескаю БДА адбылася 5–8 кастрычніка 1990 году ў Белавежы[5]. Выдатную ролю ў яе арганізацыі і фінансавым забеспячэньні адыгралі Валянцін Сельвесюк і Віктар Стахвіюк.
На гэтым Беларускі клюб закончыў сваё існаваньне, а разам зь ім закончылася дзейнасць Юрыя Туронка ў беларускім грамадзкім жыцьці — сваю дзейнасьць Юры Туронак рашыў прысьвяціць гісторыі.
Юры Туронак падрыхтаваў свой погляд на беларускае пытаньне ў Беласточчыне, які прадставіў удзельнікам белавескага зьезду[5].
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Яновіч, Сакрат Ня жаль пражытага. Ўспаміны / Юры Хмялеўскі. — Беласток: 2002. — С. 159—160. — 189 с. — (Бібліятэка БЛА Белавежа).
- ^ У лютым пра дзеяпіс беларусаў на Часопісе
- ^ Туронак, Юры За кардонам Бацькаўшчыны: успаміны / Г. Сагановіч. — Менск: Медысонт, 2010. — С. 177. — 276 с. — (Бібліятэка ч-су Беларускі гістарычны агляд). — 500 ас. — ISBN 978-985-6887
- ^ а б в Туронак, Юры За кардонам Бацькаўшчыны: успаміны / Г. Сагановіч. — Менск: Медысонт, 2010. — С. 178. — 276 с. — (Бібліятэка ч-су Беларускі гістарычны агляд). — 500 ас. — ISBN 978-985-6887
- ^ а б Туронак, Юры За кардонам Бацькаўшчыны: успаміны / Г. Сагановіч. — Менск: Медысонт, 2010. — С. 179. — 276 с. — (Бібліятэка ч-су Беларускі гістарычны агляд). — 500 ас. — ISBN 978-985-6887