Ніл (Ісаковіч)

(Перанакіравана з «Архіяпіскап Ніл»)

Ніл (Мікалай Хведаравіч Ісаковіч; 1799—1874) — архіяпіскап яраслаўскі і растоўскі.

Ніл (Ісаковіч)
Файл:Нил (Исакович).jpg, Portrait of the Archbishop of Yaroslavl and Rostov Nile (Isakovich).jpg
Адукацыя
Дзейнасьцьсьвятар
Сапраўднае імяпа-расейску: Николай Фёдорович Исакович
Нарадзіўся1799[1]
Памёр21 чэрвеня 1874(1874-06-21)

Жыцьцяпіс рэдагаваць

Мікалай Хведаравіч Ісаковіч /Ісааковіч/ нарадзіўся ў 1799 г. у в. Арэхі (зараз г. п. Арэхаўск Аршанскага р-ну Віцебскай вобл. Беларусі) ў сям’і сьвятара Мікалаеўскай царквы Магілёўскай губэрні, які сканаў яшчэ да нараджэньня сына. Ягоная маці Марфа ўладкавала сына ў Аршанскую духоўную вучэльню. Падчас вайны расейцаў з французамі ў 1812 г. Мікалай аднойчы ў лесе сустрэў вайсковага лекара з францускага войску, які падчас гутаркі высьветліў, што юнак вольна валодае лацінскай мовай ды, захоплены пазнаньнем хлопчыка, напісаў на ілбе свайго суразмоўцы па-латыні: «Peur hic maximae spei», што азначае «гэтае дзіця падае вялікія надзеі».

Затым Мікалай навучаўся ў Магілёўскай духоўнай сэмінарыі, адкуль быў накіраваны ў 1821 г. у Санкт-Пецярбурскую духоўную акадэмію. 22 жніўня 1825 г., па заканчэньні курсу акадэміі, пастрыжаны ў манаства і нарачоны Нілам у імя вялебнага Ніла Сталобенскага цудатворцы, 27 жніўня пасьвечаны ва іерадыякана, 29 жніўня — ва іераманаха.

5 верасьня 1825 г. Ніл быў прызначаны ў Чарнігаў на пасаду інспэктара сэмінарыі і адначасова рэктарам духоўных вучэльняў. Пасьля атрыманьня ступені магістра філязофіі, ён быў 8 траўня 1928 г. пераведзены ў Кіеўскую духоўную акадэмію на пасаду інспэктара і бакаляўра філязофіі.

2 верасьня 1830 г. Ніл быў прызначаны рэктарам Яраслаўскай сэмінарыі, а 12 кастрычніка 1830 г. уведзены ў сан архімандрыта з прызначэньнем ігуменам Растоўскага Багаяўленскага Аўраміевага манастыра.

У 1835 г. Ніла выклікалі ў Пецярбург на чрэду служэньня і 8 сьнежня 1835 г. ён быў хіратнісаны ва эпіскапа Вяцкага і Слабодскага. За два гады архіпастырскага служэньня ў Вяцкай эпархіі ім было вернутае ва ўлоньне Праваслаўнай Царквы звыш 6 тысяч старавераў.

23 красавіка 1838 г. Ніл быў пераведзены на Іркуцкую і Нерчынскую катэдру. 13 красавіка 1840 г. ён быў узьведзены ў сан архіепіскапу Іркуцкая эпархія ахоплівала амаль усю Сыбір, Далёкі Усход, Якуцію, Камчатку і Алеуцкія выспы. [Пры Ніле таксама адбываецца скарачэньне тэрыторыі Іркуцкай эпархіі за кошт вылучэньня зноў утвораных Камчацкай і Алеуцкай эпархій.]

Ніл пачаў з паляпшэньня пастаноўкі навучальнай справы ў мясцовай сэмінарыі ды адначасова ён энэргічна ўзяўся за справу храмабудаўніцтва. За 15 гадоў ім было збудавана больш 70 цэркваў, у тым ліку ў тундры Якуціі і ў паўночна-заходняй частцы Камчаткі. Ствараюцца першыя паходныя цэрквы — Нікалаеўская і Благавешчанская. У асноўных агменях стараверства ён ствараў праваслаўныя прыходы. На Кітайскай мяжы, каля Кяхты, намаганьнямі Ніла паўстаў Чыкайскі скіт, а ў паўднёвым перадгор’і Саянскага кражу (у цэнтры бурацкіх селішчаў) у 1851 г. [1845] была створана і прыступіла да місіянэрскай працы Ніла-Сталобенская пустэльня. Ён адкрыў у Іркуцку жаночую духоўную вучэльню, пры ім пабудаваны будынак духоўнай сэмінарыі і каменная Усьпенская царква ў Іркуцку, закладзены будынак дзявоцкага інстытуту і асьвячоная царква ў імя Сьв. царыцы Аляксандры. Было прынятае ахвяраваньне ў 250 тыс. руб. на будаўніцтва новага Катэдральнага сабора.

У 1848 г. на грошы архіепіскапа Іркуцкага, Нерчынскага і Якуцкага Ніла і пры садзейнічаньні дырэктара Гарадзенскай гімназіі І. Баркоўскага на праваслаўных могілках пры Сафійскім саборы ў Гародні была пабудаваная царква ў імя вялебнай Марфы. «Здесь покоится прах Священницы Марфы Исаковичей, матери архиепископа Иркутского и Якутского и Кавалера Нила, скончавшейся 4-го мая 1846 года, имевшей от роду 74-е года, в память коей последним воздвигнут сей храм в 1848-м году» — апавядае надпіс на мэмарыяльнай пліце ў алтары царквы. У 1866 г. эпіскап Брэсцкі Ігнат зьвярнуўся да Гродзенскага губэрнатара з просьбай аказаць садзейнічаньне ў рэканструкцыі старой каменнай царквы, якая «па выглядзе не мае выгляду Праваслаўнага храма і па ўнутранаму абсталяваньню вельмі бедная, а па а’ёме свайму да таго цесная, што абцяжарвае як сьвятароў, так і парафіян, асабліва пры адпяваньні». У сувязі з рэканструкцыяй быў выкананы праект «на пашырэньне і добрапрыстойны вонкавы выгляд гэтай царквы, на якія справы па каштарысным вылічэньні запатрабуецца 1650 рублёў». Наладжвальнік царквы на могілках, тым часам Яраслаўскі архібіскуп, Ніл ахвяраваў на рэканструкцыю 300 рублёў. У 1867 году складзены былі плян і каштарысы на перабудову могілкавай царквы. Падрадчыкамі будаўніцтва выступілі прускі паддадзены Карл Кельм і Бярнард Геніюш. Дзеля ажыцьцяўленьня прац і кантролю за імі быў створаны адмысловы камітэт, і да 1868 г. рэканструкцыя могілкавай царквы ў імя вялебнай Марфы была завершаная. Шматлікія гады царква была дзейснай, у ёй зьдзяйсьнялася Набажэнства. У савецкія часы царква была зачыненая і прыйшла ў разбурэньне. У 1990 г. рашэньнем Гродзенскага гарвыканкаму царква ў імя вялебнай Марфы /на могілках па вул. Антонава, каля рынку/ была вернутая Праваслаўнай Царкве. Па блаславеньні мітрапаліта Мінскага і Гродзенскага Філарэта [расеец, з купцоў г. Яраслаўля, Кірыл Варфаламеевіч Вахрамееў, нар. 21 сакавіка 1935 г. у Маскве], аднаўленьне Марфінскай царквы было даручана іерэю Ільлі Камкову, які зьвярнуўся ў вытворчы каапэратыў «Дэкор», і, з «Божаю дапамогай», у найкароткі тэрмін (са жніўня 1990 па ліпень 1991 г.) — храм паўстаў з руін, і ў дзень сьвятых першавярхоўных апосталаў Пятра і Паўла быў нанова асьвячоны мітрапалітам Філарэтам. За аднаўленьне храма Уладар Экзарх узьвёў а. Ільлю Камкова ў сан протаіерэя.

Ніл таксама заняўся вывучэньнем бурацкай мовы і падахвочваў да гэтага сваіх найболей здольных супрацоўнікаў. Акрамя таго, ён прымаў непасрэдны ўдзел у падрыхтоўцы сьвятароў з асяродзьдзя саміх буратаў. Вывучыўшы мясцовыя дыялекты, Ніл разам з некалькімі супрацоўнікамі прыступіў да перакладаў сьвятых і набажэнскіх кніг. Разам з буратам протаіерэем Мікалаем Нілавым Даржыевым, які пасьля выкладаў мангольскую мову ў Санкт-Пецярбурскім унівэрсытэце, Ніл пераклаў на бурацкую мову Эвангельле. Нягледзячы на велізарныя цяжкасьці прадпрынятай справы, да 1854 г. былі выдадзеныя пераклады на бурацкую мову Эвангельля (часткова), служэбніка, часаслова, чынапаслядоўнай літургіі, вячэрні, ютрані, вадохрышча, заручынаў, шлюбаў, водаасьвячэньня і малітваў да Сьв. прычашчэньня. Напісаў ён і шэраг дапаможнікаў па перакладзе набажэнскіх тэкстаў з рускай на бурацкую, чым нямала паслужыў уводзінам кірылічнага алфавіту ў Бураціі.

Адначасова з асьветніцкай дзейнасьцю Ніл нястомна дасьледуе берагі Байкалу, Іркуту, Кітою, Лены і Ангары. У сваіх вандраваньнях ён сабраў сваю найпрыгожую і рэдкую па аб’ёме і каштоўнасьці калекцыю мінэралаў.

У траўні 1853 г. архіепіскап Ніл выехаў у Растоў. З 24 сьнежня 1853 г. ён ужо архіепіскап Яраслаўскі і Растоўскі. У Яраслаўлі пры Ніле былі здзейсьнены першыя друкаваныя апісаньні эпархіі і храмаў Яраслаўля. Уладыка быў ганаровым чальцом Маскоўскага таварыства выпрабавальнікаў прыроды, Археалягічнага, Рускага Геаграфічнага і іншых Імпэратарскіх таварыстваў, апекуном навучальных устаноў і быў ганараваны іншых званьняў і ўшанаваньняў, якія займаюць амаль чатыры аркушы ў ягоным паслужным сьпісе, які захоўваецца ў Яраслаўскім музэі-запаведніку, сярод іншых ягоных папер. Сьцены яго кабінэту былі абстаўленыя шафамі, дзе ляжалі тысячы мінэралаў, на паліцах стаяла мноства кніг, на сталах стаялі машыны: электрычная, гальванічная, дагератып. 6 лютага 1874 г. ён ахвяраваў сваю калекцыю мінэралаў Пецярбургскаму ўнівэрсытэту.

За некалькі гадоў да скону Ніл прыгатаваў сабе труну і магілу і начарна ўладкаваў над ёй храм пры Яраслаўскім архірэйскім доме (у былым Спаскім манастыры) з правага боку пры царкве Пячэрскай Богамаці.

Сканаў архіепіскап Ніл 21 чэрвеня 1874 г. у Яраслаўлі ад запаленьня лёгкіх. Над яго магілай высіцца алтар у імя Ніла Сталобенскага.

Творчасьць рэдагаваць

Архіепіскап Ніл быў народжаны ў адзін год з Аляксандрам Сяргеевічам Пушкіным, а ў год паўстаньня дзекабрыстаў прыняў манаства. Працы Ніла былі добра вядомыя ў рускім грамадстве XIX ст., і ён сам паслужыў прататыпам місіянэра ў рамане М. С. Лескова «На краю света». Праца «Буддизм, рассматриваемый в отношении к последователям его, обитающим в Сибири» (СПб, 1858), дазволіў Нілу лічыцца адным з родапачынальнікаў расійскай будалёгіі. У мностве іншых прац, надрукаваных у «Епархіяльных ведамасьцях» і іншых выданьнях [Ярославские епархиальные ведомости, 1868, № 3, 5, 7, 9, 11, 13, 15, 18, 20; 1869, № 1, 5, 7_8, 10-11, 16-17, 21-22, 25-27; 1870, № 31, 34-36, 38, 43-44, 47-48, 51-52; 1871, № 5-12 (пад загл.: Из путевых записок преосвященного архиепископа Нила). Тое сама: Асоб. адб. Ярославль, 1868 (толькі ч. 1).], ён аналізуе рэлігійныя вераваньні, апісвае абрады, якія суправаджаюць жыцьцё чалавека, ад нараджэньня да сьмерці.

Шмат зьвестак пра шаманізм і этнаграфію сыбірскіх народаў, утрымоўваецца ў ягоным сачыненьні: «Путевые записки а[рхиепископа] Н[ила]. В 2-х ч. Ярославль, тип. Губ. земск. управы, 1874. XIV, 497 с с порт.», у якой маецца апісаньне шляху ад Вяткі да Іркуцка (1838), затым па рацэ Лене ў Якуцк і зварот (1843), дзе распавезена пра гарады і паселішчы, наведваньне цэркваў і манастыроў, стан царкоўнай справы, пуцявыя эпізоды, апісаньне прыроды, этнаграфічныя замалёўкі тунгусаў і якутаў, зьвесткі гістарычнага характару пра край.

Працы рэдагаваць

  • Буддизм, рассматриваемый в отношении к последователям его, обитающим в Сибири. СПб, 1858.
  • Замечания на перевод Евангелия от Матфея на монгольском языке в 1867 г. (рукопись Синод. арх. № 2129).
  • Ярославский Спасо-Преображенский монастырь, что ныне архиерейский дом, с присовокуплением жития святых благ кн. Феодора, Давида и Константина Ярославских чудотворцев. Ярославль, 1869.
  • Путевые записки а[рхиепископа] Н[ила]. В 2-х ч. Ярославль, тип. Губ. земск. управы, 1874. XIV, 497 с с порт. (рец. см. в Чтен. в общ. люб. дух. просвещ. М., 1891, август-сентябрь, с. 383—385).
  • Летопись Иркутской Крестовоздвиженской церкви 1717—1771 (Иркутские епархиальные ведомости, 1875).

Крыніцы рэдагаваць

  1. ^ Nil // MAK (пол.)

Літаратура рэдагаваць

  • Анастасенко Г. Ф. Дарственное приношение архиепископа Нила Санкт-Петербургскому университету. // Мир камня, 1997, № 12, С. 14-17.
  • Анастасенко Г. Ф. Аметисты архиепископа Нила. // Санкт-Петербургский Университет. №14 (3821) 29 октября 2010;
  • Інак Л. Ніл (Ісаковіч) архіепіскап Яраслаўскі і Растоўскі (1799—1874). // Літоўка ды Саха. Сшытак 2. Койданава. 2011. С. 28-46.
  • Шабатин И. Архиепископ Нил (Исакович) (к восьмидесятилетию со дня кончины) // Журнал Московской Патриархии. Москва. № 8. 1954. С. 15-17.