Шандар Пэтэфі
Ша́ндар Пэ́тэфі (па-вугорску: Petőfi Sándor, вымаўл. ˈpɛtøːfi ˈʃaːndor), сапраўднае імя Алякса́ндар Пе́травіч[1][2] (па-славацку: Alexander Petrovič[1], па-сэрбску: Александр Петровић; 1 студзеня 1823, Кішкерэш, Вугорскае каралеўства, Аўстрыйская імпэрыя — 31 ліпеня 1849, Трансыльванскае княства, Аўстрыйская імпэрыя) — вугорскі народны паэт(en), публіцыст, рэвалюцыйны дзяяч сэрбска-славацкага паходжаньня.
Шандар Пэтэфі | |
Sándor Petőfi | |
Партрэт працы Ігнаца Рашковіча(hu) (1849) | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Імя пры нараджэньні | Аляксандар Петравіч |
Нарадзіўся | 1 студзеня 1823 Кішкерэш, Вугоршчына |
Памёр | 31 ліпеня 1849 Сыгішаара, Вугоршчына |
Бацькі | Mária Hrúzová[d] |
Сужэнец | Юлія Сэндрэй[d] |
Дзеці | Золтан Пэтэфі[d] |
Літаратурная дзейнасьць | |
Род дзейнасьці | паэт, рэвалюцыянэр |
Гады творчасьці | 1842—1849 |
Мова | вугорская |
Дэбют | 1844 |
Подпіс | |
Жыцьцяпіс рэдагаваць
Паходзіў зь небагатай сям’і. Бацька — сэрб Стэфан (Іштван) Петравіч, зьбяднелы шляхціч; маці — славацкая сялянка Марыя Грузава (Груз).
Шандар пайшоў у школу ў пяцігадовым узросьце. У 15 рокаў валодаў сям’ю мовамі. У 1839, ня маючы ніякіх сродкаў для існаваньня, пайшоў на вайсковую службу, адкуль у 1841 быў звольнены з прычыны хваробы.
Быў статыстам у тэатры, вандроўным акторам, падпрацоўваў перакладамі. Назьбіраўшы дастаткова сродкаў, паступіў у калегіюм у Папе. Друкаваўся з 1842 (верш «Той, хто п’е» у «Athenaeum»).
З 1846 року разам са сваім сябрам Янашам Аранем прадпрымаў спробы зьяднаць вугорскі нацыянальна-вызвольны рух. У 1846 у Трансыльваніі пазнаёміўся зь Юліяй Сандрэі, зь якой ажаніўся ў наступным року насуперак бацькоўскай волі. Мелі сына Золтана (1848—1870).
Неўзабаве яшчэ больш захапіўся ідэяй рэвалюцыі ды пераехаў у Пэшт, дзе апынуўся ў асяродзьдзі радыкальна настроенага студэнтцва й інтэлігенцыі. З 1847 ачольваў рэвалюцыйную арганізацыю «Маладая Вугоршчына».
Групоўка, у якую ўваходзіў і Пэтэфі, заплянавала на 19 сакавіка 1848 року скліканьне Народнага сходу, які б зацьвердзіў пэтыцыю з патрабаваньнем незалежнасьці Вугоршчыны. Аднак 15 сакавіка зь Вены дайшла вестка пра пачатак Аўстрыйскай рэвалюцыі, таму было вырашана склікаць сход у той самы дзень. Шандар Пэтэфі стаў аўтарам «12 Pont» — сьпісу з 12 патрабаваньняў — і паэмы «Nemzeti dal», якая запачаткавала Вугорскую рэвалюцыю.
Пэтэфі ў ходзе рэвалюцыі працягваў пісаць вершы і публіцыстыку, крытыкаваў правадыроў рэвалюцыі за іхнюю ўмеранасьць. Вылучаўся ў парлямэнт, аднак ня быў абраны. У верасьні 1848 далучыўся да рэвалюцыйнае арміі Кошута. Са студзеня 1849 — ад’ютант польскага эмігранта Юзэфа Закарыяша Бэма, які камандаваў рэвалюцыйным войскам у Трансыльваніі. Браў удзел у баёх з аўстрыйскімі войскамі, румынскімі і саксонскімі паўстанцамі і расейскімі інтэрвэнтамі.
Паводле традыцыйнае вэрсіі загінуў пад Шэгешварам у баі з казакамі расейскага войска пад кіраўніцтвам царскага генэрала Івана Паскевіча. Згодна зь іншай вэрсіяй, якая пакуль не знайшла пацьверджаньня, быў паранены, узяты ў палон і таемна вывезены ў Сыбір, дзе памёр у 1856 року.
Творчасьць рэдагаваць
У раньняй паэзіі (зборнік «Вершы», 1844; паэма-казка «Віцязь Янаш», 1845), прасякнутай фальклёрнымі матывамі, галоўныя тэмы — прыгажосьць роднага краю, багаты духоўны сьвет людзей. Пэсымістычна-рамантычныя настроі выразіліся ў лірычным цыкле «Хмары» (1845—46), драме «Тыгрыца і гіена» (1845), паэмах «Пішта Сілай», «Шалга», рамане «Катава вяроўка» (усе 1846). Пад уплывам паўстаньня 1846 у Галіччыне і рэвалюцыйных падзеяў у Пэшце 1848—49 яго паэзія набыла яскрава рэвалюцыйна-дэмакратычны характар (вершы «Мае песьні», «Вугорац я…», «Нацыянальная песьня», «На шыбеніцу каралёў!» і інш.). У вершах «Эўропа змоўкла», «Эрдэйская армія», «Мадзьяр пераможа» выказваў упэўненасьць у перамозе рэвалюцыйных ідэалаў. Паэма «Апостал» (1848, поўнасьцю апубл. 1874) пра трагічны лёс рэвалюцыянэра.
Беларускія пераклады рэдагаваць
На беларускую мову ягоныя вершы пераклалі Аляксей Зарыцкі, Язэп Семяжон, Мікола Хведаровіч, Мікола Аўрамчык, апавяданьні — Ганна Сапрыка, Мікола Татур.
- Ліра і меч: Выбр. Мн., 1971.
- У кн.: Венгерскія апавяданні. Мн., 1957.
- У кн.: Семяжон Я. Сем цудаў свету: Выбр. пераклады паэзіі. Мн., 1977.
- У кн.: Зарыцкі А. У свет па песні: Выбр. пераклады паэзіі. Мн., 1978.
- Выбраная паэзія: Пер. М. Хведаровіча; новая рэд. перакладаў М. Ермалаева. Мн., 2017.
Памяць рэдагаваць
Імем Пэтэфі названыя вуліцы і плошчы большасьці местаў Вугоршчыны, Трансыльваніі і паўднёвай Славаччыны, вуліца ў Тбілісі, цэнтральная плошча Ужгараду.
У родным месьце паэта Кішкерэшы створаны мэмарыяльны дом-музэй.
У гонар паэта названы астэроід 4483 Пэтэфі.
Крыніцы рэдагаваць
- ^ а б Lucinda Mallows. The Bradt travel guide Bratislava. — Bradt Travel Guides, 2009. — С. 7. — ISBN 9781841622293
- ^ Sándor Petőfi, George Szirtes. John the Valiant. — Hesperus Press, 2004. — С. 1. — ISBN 9781843910848
Літаратура рэдагаваць
- Баршчэўскі Л. Пецёфі // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 2001. — Т. 12: Палікрат — Праметэй. — 576 с. — ISBN 985-11-0198-2
Вонкавыя спасылкі рэдагаваць
Шандар Пэтэфі — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў