Чорная маліна

шматгадовы паўхмызьняк роду маліна

Чо́рная малі́на — шматгадовы паўхмызьняк з роду маліна.

Чорная маліна
Ягады (Польшча, 2008 г.)
Клясыфікацыя
НадцарстваЭўкарыёты
ЦарстваРасьліны
ПадцарстваЗялёныя
ГрупаСтрэптафіты
ТыпВышэйшыя
ПадтыпСсудзінныя
НададдзелНасенныя
АддзелКветкавыя
КлясаДвухдольныя
АтрадРужакветныя
СямействаРужавыя
РодМаліна
Бінамінальная намэнклятура
Rubus occidentalis Карл Лінэй

Яе ягады таксама называюць ажынападобнымі малінамі. Мае неглыбокае карэньне. Хмызьняк утвараюць тоўстыя парасткі даўжынёй да 3 мэтраў, пакрытыя шыпамі і васковым налётам. Найлепш расьце на лясной глебе і чарназёме. Размнажаецца насеньнем ягадаў, зялёнымі чаранкамі, паземнымі адводамі і ўкараненьнем верхавінаў парасткаў. З хмыза зьбіраюць да 6 кг круглявых чорных ягадаў з шызым налётам. Ягады даволі буйныя і маюць водар і прысмак ажынаў. Таксама ягады валодаюць лекавымі ўласьцівасьцямі, бо зьмяшчаюць багата вітаміну Р, што мацуе сьценкі ссудзінаў, і антацыянаў, якія папярэджваюць атэрасклероз[1].

Вырошчваньне рэдагаваць

Для саджанцаў выкарыстоўваюць сонечную дзялянку, абароненую ад ветру. Чорную маліну высаджваюць на адлегласьці 2 мэтраў між саджанцамі. Пасадачная яма складае да 50 см глыбынёй і 60 см шырынёй. Гэтую яму запаўняюць перагноем з даданьнем 4 шклянак драўнянага попелу. Пры ўтварэньні завязі і першых ягадаў выкарыстоўваецца падкормка ў выглядзе птушынага памёту і каравяку. На 16—18 вядзёр птушынага памёту разводзяць 1 літар попелу і 50 грамаў супэрфасфату. На 6—7 вядзёр вады разводзяць вядро каравяку. Паўторную падкормку робяць, калі ягады наліваюцца і растуць у памеры. Трэцюю падкормку робяць пасьля першага збору ягадаў у спалучэньні з паліваньнем. Найлепш расьліна размнажаецца насеньнем і ўкараненёнымі верхавінамі парасткаў. Маладыя парасткі дасягаюць даўжыні 2—3 мэтраў і дугападобна схіляюцца да зямлі. Пры досягу глебы верхавіна ўкараняецца булавападобнай галоўкай. Увосень на вышыні 20—30 см укарэненую верхавіну адсякаюць ад хмызьняка і перасаджваюць. Пры насенным размнажэньні насеньне высейваюць у градку на глыбіню 2—3 см адразу пасьля яго збору. Затым градку паліваюць і пакрываюць перагноем, пілавіньнем і торфам. Увесну ўсходзіць каля 40—60% насеньня. Рэшта — цягам лета. Прарошчанае цягам 150—180 дзён насеньне могуць сеяць і вясной. У пачатку чэрвені чорная маліна квітнее. У канцы чэрвеня, калі маладыя парасткі дасягаюць даўжыні 1,2—1,5 мэтру, верхавіну прышчыпваюць для разгалінаваньня сьцябла бакавымі парасткамі па ўсёй даўжыні. Паўторна яго абразаюць увосень разам з выдаленьнем 2-гадовых парасткаў, што адпладаносілі. Адначасна бакавыя атожылкі, якія дасягнулі даўжыні 1—1,5 мэтру кароцяць да 30—50 см. Таксама выдаляюць парасткі каля зямлі і пакідаюць па 10—12 наймагутнейшых парасткаў на хмызьняк. На зіму парасткі хмызьняка прыгінаюць да зямлі. Увесну іх падымаюць і падвязваюць. Паламаныя парасткі выдаляюць[1].

Крыніцы рэдагаваць

  1. ^ а б Ірына Тамковіч. Кумберленд — чорная маліна // Крынічка. — 24 кастрычніка 2013. — № 32 (490). — С. 5.