Фіналы Кубка Лібэртадорэс 2018 году
Фінальныя матчы Кубка Лібэртадорэс 2018 году былі 59-мі паводле ліку фіналамі ў гісторыі Кубка Лібэртадорэс, галоўнага міжнароднага клюбнага футбольнага турніру Паўднёвай Амэрыкі, зладжанага КОНМЭБОЛ. Фіналы праходзілі ў двухбаковым фармаце дома і на выезьдзе паміж аргентынскімі клюбамі «Бока Хуніёрс» і «Рывэр Плэйт», што зрабіла гэтыя матчы першым аргентынскім Супэрклясыка, якое праводзілася ў рамках міжнародных спаборніцтваў. Першы матч адбыўся 11 лістапада 2018 году на «Бамбанэра», які ёсьць хатнім стадыёнам «Бока Хуніёрс», у той час як другі матч адбыўся 9 сьнежня па-за межамі Паўднёвай Амэрыкі на «Сант’яга Бэрнабэў» у Мадрыдзе. Перанос матчу ў адказ быў зьвязаны з нападам на аўтобус гасьцявой дружыны[1][2]. Гэта быў апошні фінал, які праходзіў у фармаце двух матчаў, бо пачынаючы з сэзону 2019 году фінал праводзіцца адным матчам на загадзя абранай нэўтральнай пляцоўцы[3][4].
«Рывэр Плэйт» атрымаў перамогу па суме абодвух матчаў зь лікам 5:3, што сталася іхнім чацьвертым тытулам у гісторыі турніру. Як пераможцы, яны кваліфікаваліся ў якасьці прадстаўніка КОНМЭБОЛ на клюбны чэмпіянат сьвету па футболе 2018 году, які праходзіў у Аб’яднаных Арабскіх Эміратах, саступіўшы ў паўфінале. Акрамя таго, бела-чырвоныя таксама атрымалі права згуляць у Рэкопе Паўднёвай Амэрыкі 2019 году[5] і таксама аўтаматычна кваліфікаваліся ў групавы этап наступнага розыгрышу Кубка Лібэртадорэс.
Матчы рэдагаваць
Першы матч рэдагаваць
Першы матч быў перанесены менш чым за дзьве гадзіны да пачатку праз тое, што «Бамбанэра» праз моцны дождж быў заваднёны[6]. У выніку матч адбыўся на наступны дзень, 11 лістапада, а стартавы сьвісток прагучаў а 16-й гадзіне паводле мясцовага часу[7][8]. Гульня праходзіла без галоў да 34-й хвіліны, калі Рамон Абіля вывеў «Боку» наперад, але ўжо праз 90 сэкундаў Люкас Прата ўраўнаваў лік[9]. Тым ня менш, першая палова гульні скончылася на карысьць гаспадароў, бо Дарыё Бэнэдэта аднавіў перавагу «Бокі» на апошніх хвілінах перад перапынкам. У другім тайме «Рывэр Плэйт» зноўку зрабіў лік нічыйным пасьля таго як на 61-й хвіліне Карляс Іскіердас забіў гол у сваю браму[10].
11 лістапада 2018 16:00 (UTC-3) |
Бока Хуніёрс | 2:2 | Рывэр Плэйт | Бамбанэра, Буэнас-Айрэс Гледачоў: 49 000 Судзьдзя: Рабэрта Табар (Чылі) |
---|---|---|---|---|
Абіля 34', Бэнэдэта 45+1' |
Справаздача | Прата 35', Іскіердас 61' (а/г) | ||
|
|
Другі матч рэдагаваць
Перад другім матчам фіналу 24 лістапада аўтобус дружыны «Бока Хуніёрс» быў атакаваны па дарозе на стадыён «Рывэр Плэйту». Некалькі вокнаў у аўтобусе былі разьбітыя камянямі, кінутымі з натоўпу, таксама ў аўтобус быў запушчаны перцавы газ. Пасьля таго ля аўтобусу пачаліся хваляваньні, у выніку дзеля супакойваньня натоўпу паліцыя пачала затрыманьні. Некаторыя гульцы ў аўтобусе атрымалі траўмы як ў выніку разьбітага шкла, гэтак і праз распыленьне перцавага газу. У выніку матч некалькі разоў пераносіўся ў рамках таго ж дня, але ў выніку быў перанесены на наступны дзень. Былы нападнік «Бока Хуніёрс» і «Рывэр Плэйт» Габрыель Батыстута назваў напад ганебным[11]. 25 лістапада, перад пачаткам перанесенага матчу, «Бока Хуніёрс» папрасіла перанесьці матч, бо ён ня мог праходзіць у роўных умовах[12]. КОНМЭБОЛ яшчэ раз адклаў матч, паколькі роўныя ўмовы не гарантаваліся[13]. 27 лістапада арганізацыя зацьвердзіла, што другі матч будзе праведзены па-за межамі Аргентыны дзеля забесьпячэньня бясьпекі, а матч быў перанесены на 8 ці 9 сьнежня[14].
Матч прайшоў на стадыёне «Сант’яга Бэрнабэў» перад 72 тысячамі гледачоў. Галявыя моманты напачатку ўзьнікалі на карысьць «Бокі», і, нарэшце, Дарыё Бэнэдэта, які таксама адзначыўся голам у першым матчы, улучыў мяч на 44-й хвіліне[15]. У другім тайме «Рывэр Плэйт» ураўнаваў лік пасьля таго, як на 68-й хвіліне забіў яшчэ адзін бамбардзір першага матчу Люкас Прата[15]. У выніку ў асноўны час пераможац ня быў выяўлены і матч перайшоў у дадатковы час, падчас якога склад «Бокі» скараціўся да 10 чалавек пасьля таго, як Вільмар Барыяс быў выдалены з поля. «Рывэр Плэйт» скарыстаўся перавагай у колькасьці, і Хуан Кінтэра вывеў бела-чырвоных наперад на 109-й хвіліне. Траўма Фэрнанда Гага на 116-й хвіліне пакінула «Боку» ўсяго ўдзевяцёх, бо ўсе замены на той момант былі скарыстаныя. На апошніх хвілінах «Рывэр Плэйт» павялічыў сваю перавагу яшчэ на адзін мяч[15][16].
9 сьнежня 2018 20:30 (UTC+1) |
Рывэр Плэйт | 3:1 (д. ч.) | Бока Хуніёрс | Сант’яга Бэрнабэў, Мадрыд Гледачоў: 62 282 Судзьдзя: Андрэс Куньня (Уругвай) |
---|---|---|---|---|
Прата 68', Кінтэра 109', Мартынэс 120+2' |
Справаздача | Бэнэдэта 44' | ||
|
|
Крыніцы рэдагаваць
- ^ «Las finales de la CONMEBOL Libertadores se disputarán el 10 y 24 de noviembre». CONMEBOL.
- ^ «Confirmados los horarios y fechas de los partidos finales de la CONMEBOL Libertadores 2018». CONMEBOL.
- ^ «La CONMEBOL Libertadores se definirá en final única a partir de 2019 con mayores beneficios a los clubes y la competencia». CONMEBOL.
- ^ «Histórica decisión: Final Única de la Libertadores 2019 en Santiago y Final Única de la Sudamericana 2019 en Lima». CONMEBOL.
- ^ «Reglamento CONMEBOL Libertadores 2018». CONMEBOL.
- ^ «Boca Juniors vs River Plate: titanic Copa Liberadores final postponed by 24 hours due to heavy rain». The Independent.
- ^ «Boca Juniors and River Plate draw 2-2 in Copa Libertadores final first leg». The Guardian.
- ^ «Rain postpones first leg of Copa Libertadores between Boca Juniors, River Plate». ESPN.
- ^ «Boca Juniors and River Plate draw 2-2 in Copa Libertadores final first leg». The Guardian.
- ^ «Boca y River igualan 2-2 y todo se define en la revancha». CONMEBOL.
- ^ «Boca Juniors v River Plate in Copa Libertadores final postponed after bus attack». BBC Sport.
- ^ «Comunicado de prensa». Boca Juniors
- ^ «Copa Libertadores: Boca Juniors against River Plate match postponed again». BBC Sport.
- ^ «All-Argentine Copa Libertadores Final to Be Played Outside Argentina». The New York Times.
- ^ а б в «River Plate claim Copa Libertadores against 10-man Boca». The Guardian.
- ^ «¡River Plate campeón!». CONMEBOL.
Вонкавыя спасылкі рэдагаваць
- Кубак Лібэртадорэс 2018 году. КОНМЭБОЛ.