Тэрарыстычныя акты 11 верасьня 2001 году
Тэрарыстычныя напады на Сусьветны гандлёвы цэнтар ды Пэнтагон — сэрыя тэрактаў 11 верасьня 2001 году на тэрыторыі ЗША, якая была зьдзейсьнена з дапамогай пілятаваных самалётаў. 19 зламысьнікаў набылі квіткі на 4 самалёты ўнутраных авіялініяў ЗША. Дапушчаюць, што была выкупленая таксама значная колькасьць месцаў у тых самалётах для памяншэньня колькасьці пасажыраў на борце з мэтай палягчэньня захопу самалёту[1]. Пасьля захопу кантролю над самалётамі накіравалі іх на паказаныя аб’екты.
Тэрарыстычныя напады на Сусьветны гандлёвы цэнтар і Пэнтагон | |
Зьверху ўніз: пажар у Сусьветным гандлёвым цэнтры; разбураная частка Пэнтагону; сутыкненьне самалёта з паўднёвым хмарачосам СГЦ; пажарнік просіць дапамогу ў руінах СГЦ; фрагмэнт рухавіка разьбітага самалёта; сутыкненьне самалёта з Пэнтагонам | |
Месца атакі | Нью-Ёрк, Вашынгтон |
---|---|
Цэль атакі | Сусьветны гандлёвы цэнтар, Пэнтагон |
Дата |
11 верасьня 2001 (23 гады таму) 8:46—10:28 |
Спосаб атакі | згон і разьбіцьцё самалётаў |
Зброя | 4 захопленыя самалёты |
Колькасьць ахвяраў | 2977 |
Колькасьць параненых | каля 6300 |
Колькасьць тэрарыстаў | 19 |
Арганізатары | Усама бін Ладэн |
Геаграфічныя каардынаты | 40°42′42″ пн. ш. 74°0′45″ з. д. / 40.71167° пн. ш. 74.0125° з. д.Каардынаты: 40°42′42″ пн. ш. 74°0′45″ з. д. / 40.71167° пн. ш. 74.0125° з. д. |
Тэрарыстычныя напады на Сусьветны гандлёвы цэнтар і Пэнтагон |
Два зь іх разьбіліся аб хмарачосы-блізьняты Сусьветнага гандлёвага цэнтру ў Нью-Ёрку, трэці зьнішчыў частку Пэнтагона. Апошні, самалёт United Airlines 93, дзякуючы мужнаму супраціву пасажыраў не дасягнуў мэты і разьбіўся на полі ў штаце Пэнсыльванія прыкладна за 15 хвілін лёта да Вашынгтону. Дапушчаюць, што гэты самалёт павінен быў гахнуць па Белым Доме або Капітоліі[1]. Гэты самалёт не дасягнуў мэты, калі пасажыры, якія даведаліся пра лёс іншых самалётаў, атакавалі выкрадальнікаў і давялі да катастрофы ў бязьлюдным месцы — урыўкі інфармацыі аб апошніх хвілінах той трагедыі паходзяць з тэлефонных гутарак пасажыраў і раскрыцьця інфармацыі «чорных скрынь» самалёту. На аснове запісаў тэлефонных гутарак і сьведчаньняў сваякоў і суразмоўцаў падзеі былі рэканструяваныя ў паўдакумэнтальным фільме «Палёт 93».
Напады
рэдагавацьУ аўторак 11 верасьня 2001 году, у 8:14 ранку 5 згоньнікаў, узброеныя нажамі, захапілі пасажырскі самалёт «Boeing 767» Амэрыканскіх авіялініяў, які ў 7:59 выляцеў рэйсам № 11 з Бостану (штат Масачусэтс) на Лос-Анджэлес (штат Каліфорнія). У 8:46 іншыя 5 згоньнікаў, таксама ўзброеныя нажамі, захапілі «Boeing 767» Аб’яднаных авіялініяў, які ў 8:14 вылецеў рэйсам № 175 з Бостану на Лос-Анджэлес. У 8:54, праз 8 хвілінаў пасьля разьбіцьця першага самалёта ў Нью-Ёрку, 5 іншых згоньнікаў з нажамі захапілі пасажырскі самалёт «Boeing 757» Амэрыканскіх авіялініяў, які ў 8:20 выляцеў рэйсам № 77 з Вашынгтонскага лётнішча імя Джона Далеса (Лаўдэнская акруга, штат Вірджынія) на Лос-Анджэлес[2]. У 9:28, праз 25 хвілінаў пасьля разьбіцьця 2-га самалёта ў Нью-Ёрку, 4 згоньнікі з нажамі захапілі «Boeing 757» Аб’яднаных авіялініяў, які ў 8:42 вылецеў рэйсам № 93 зь Ньюарку (штат Нью-Джэрзі) на Сан-Францыска (штат Каліфорнія).
У 8:46:40 ранку (15:46:40 у Беларусі), 5 згоньнікаў сутыкнулі пасажырскі самалёт «Boeing 767» (рэйс № 11) з паўночным 110-павярховым хмарачосам Сусьветнага гандлёвага цэнтру (СГЦ) на востраве Мангэтане ў Нью-Ёрку (ЗША). У 9:03, праз 17 хвілінаў, іншыя 5 згоньнікаў сутыкнулі 2-і «Boeing 767» (рэйс № 175) з паўднёвым хмарачосам СГЦ. У 9:37, яшчэ праз 34 хвіліны, 5 іншых згоньнікаў абрушылі пасажырскі самалёт «Boeing 757» (рэйс № 77) на заходняе крыло Пэнтагону ў Вашынгтоне, дзе месьцілася Міністэрства абароны ЗША[3].
У 9:42 Фэдэральнае кіраўніцтва лётніцтвам ЗША загадала прызямліцца ўсім цывільным самалётам у мацерыковых землях ЗША і забараніла замежныя палёты ў ЗША на 3 дні. У выніку міжнародныя палёты ў ЗША перанакіравалі ў Канаду і Мэксыку. У 9:59 паўднёвы 110-павярховы хмарачос СГЦ абрушыўся пасьля 56-хвіліннага пажару ў выніку сутыкненьня з самалётам вагой больш за 80 тонаў і выбуху яго паліва. У 10:03 4 згоньнікі разьбілі другі «Boeing 757» (рэйс № 93) на полі ў Самэрсэцкай акрузе на паўднёвым захадзе штату Пэнсыльванія, бо бойка з пасажырамі замінула даляцець да Вашынгтону[2]. У 10:28 паўночны хмарачос СГЦ абрушыўся пасьля пажару, які доўжыўся гадзіну і 42 хвіліны. Частка яго абломкаў упала на 7-ы корпус СГЦ. У 17:21 47-павярховы будынак 7-га корпуса СГЦ абваліўся ў выніку амаль 7-гадзіннага пажару.
Крыніцы
рэдагаваць- ^ а б Staff Report (анг.) National Commission on Terrorist Attacks Upon the United States — We Have Some Planes. Архіўная копія ад 30 мая 2008 г.
- ^ а б Адзін дзень сапраўднай вайны // Зьвязда : газэта. — 13 верасьня 2001. — № 189 (24305). — С. 3. — ISSN 1990-763x.
- ^ Мікола Дзябёла. Цэлая сэрыя тэрарыстычных актаў адбылася ўчора ў Нью-Ёрку і Вашынгтоне // Зьвязда : газэта. — 12 верасьня 2001. — № 188 (24304). — С. 1. — ISSN 1990-763x.
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- National Commission 9/11 (анг.)
- The September 11 Digital Archive (анг.)
- 9/11 Newspaper archive (анг.) Архіўная копія
- In Memoriam: September 11, 2001 (анг.) Архіўная копія
- Missing Doctor Added to List of 9/11 Victims. Associated Press. July 2008.