Паштовая адміністрацыя ААН

Паштовая адміністрацыя Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў (па-ангельску: United Nations Postal Administration — UNPA) — паштовая адміністрацыя ААН. Яна выпускае паштовыя маркі і цэльныя рэчы з пазнакаю наміналу ў далярах для офісу ААН у Нью-Ёрку, у швайцарскіх франках для офісу ў Жэнэве і ў эўра для офісу ў Вене. Спаганяныя паштовыя тарыфы ідэнтычныя тарыфам дзяржавы, дзе разьмешчаны адпаведны офіс ААН.

Паштовае аддзяленьне ААН у штаб-кватэры ў Нью-Ёрку

Выкарыстаньне марак і абмежаваньні рэдагаваць

У кожным канкрэтным офісе ААН могуць быць выкарыстаныя толькі маркі ААН з наміналам у адпаведнай валюце. Аднак на практыцы большасьць органаў ААН ужывае франкіравальныя машыны, а маркі найчасьцей набываюць калекцыянэры ды турысты. Паколькі маркі нельга выкарыстоўваць па-за сьценамі офісаў ААН, іх можна набыць гуртам на другасным рынку па кошце значна ніжэйшым за намінал.

Як правіла, паштовае адпраўленьне трэба прыносіць у офіс ААН і франкіраваць адпаведнымі маркамі ААН. Аднак пэрыядычна, па дамоўленасьці з Паштовай службай ЗША, Паштовая адміністрацыя ААН адчыняе часовыя паштовыя аддзяленьні ў іншых месцах, зазвычай на філятэлістычных выставах або на адмысловых мерапрыемствах.

Паштовае ведамства ААН таксама адказнае за сартаваньне і дастаўку пошты ў офісы, што знаходзяцца ў ягоным веданьні.

Мінуўшчына рэдагаваць

 
Першая паштовая марка ААН, 1951  (Скот #1)

Першыя маркі рэдагаваць

Ідэю выпуску арганізацыяй марак падаў у 1947 року Хасэ Арсэ (José Arce), амбасадар Аргентыны і прэзыдэнт Генэральнай асамблеі ААН, які сам быў філятэлістам (Ліга Нацыяў ужывала маркі Швайцарыі з наддрукоўкай). Паштовая адміністрацыя ААН была ўтвораная ў выніку заключэньня дамовы з ЗША ў 1951 року, неўзабаве пасьля пераезду ААН у штаб-кватэру ў Мангэтане. Дагэтуль ААН карысталася паслугамі паштовага ведамства ЗША.

Паштовая адміністрацыя ААН выдала першыя маркі для нью-ёрскага офісу ў 1951 року, прымеркаваўшы іх да Міжнароднага дню ААН (24 кастрычніка). Першыя выпускі выклікалі велізарную зацікаўленасьць з боку калекцыянэраў, раньнія камэмаратыўныя маркі разышліся мільённымі накладамі. Самым рэдкім філятэлістычным матэрыялам гэтага пэрыяду, але ўсё ж дастаткова даступным, зьяўляецца паштовы блёк да 10-годзьдзя ААН  (Скот #38), выдадзены накладам 250 тыс. асобнікаў з памылкай (невялікае белае поле ў правай ножцы літары «n» у слове «Unies») і пазьней выпраўлены і дадрукаваны другім накладам. У цяперашні час рынкавы кошт блёку нават другога выпуску — $200—240.

 
Першы паштовы блёк ААН, 1955  (Скот #38)

Да 1957 року камэмаратыўныя маркі ААН рэгулярна распрадаваліся, хоць часам дзеля гэтага патрабавалася некалькі месяцаў. Сутыкнуўшыся з гэткім посьпеха, адміністрацыя павялічыла наклады з аднаго мільёну да пяці. На дзіва, продажы рэзка вырасьлі, пры гэтым у 1970-я аб’ёмы рэалізацыі кожнай камэмаратыўнай маркі вагаліся ў межах 1,5—3 млн асобнікаў.

У 1967 Паштовая адміністрацыя эмітавала пяць марак з наміналамі ў канадзкіх далярах для выкарыстаньня ў павільёне ААН на выставе «Экспа 1967» у Манрэалі. Яні сталі нядзейнымі пасьля закрыцьця выставы.

У 1968 Паштовая адміністрацыя ААН заключыла ўгоду з паштовым ведамствам Швайцарыі і з наступнага году пачала выпуск паштовых марак з наміналамі ў франках дзеля выкарыстаньня ў жэнэўскім офісе. Дамова 1979 року з Аўстрыяй прывяла да выпускі такіх самых марак для офісу ў Вене[1]. Афіцыйнае адкрыцьцё Міжнароднага цэнтру ААН у Вене адбылося 23 жніўня 1979, а наступнага дня ў зварот выйшла першая стандартовая сэрыя з шасьці марак паштовага аддзяленьня ААН у Вене. На дзьвюх зь іх адлюстраваны будынак Цэнтру.

 
Паштовая марка ААН, прысьвечаная Сусьветнай фэдэрацыі арганізацыяў ААН

У 1970-я назіраўся выбух зацікаўленасьці ў марках ААН, які сягнуў вяршыні з амаль імгненным распродажам аркушаў па 20 марак, выдадзеных да 25-годзьдзя Паштовай адміністрацыі: тры з чатырох наміналаў былі цалкам прададзеныя ў дзень выхаду, а чацьверты — на працягу 2,5 месяцаў. Аналягічны выпуск у 1979 року ў гонар Міжнароднага дня дзіцяці быў рэалізаваны ў дзень выхаду. Гэтая гісторыя трапіла на першую старонку газэты «Нью-Ёрк Таймс». Цягам гэтага ж дзесяцігодзьдзя выходзілі маркі і капэрты першага дню ў падтрымку вызваленьня Намібіі[2].

Скандалы рэдагаваць

 
Паштовая марка ААН, прысьвечаная неад’емным правам палестынскага народу, 1981  (Скот #Нью-Ёрк #343, Жэнэва #98, Вена #17)

Неўзабаве пасьля гэтага інтарэс стаў падаць. Сваю ролю ў гэтым, пэўна, згулялі і скандалы, зьвязаныя з наступнымі паштовымі эмісіямі. Напрыклад, у 1981 Паштовая адміністрацыя ААН прысьвяціла выпуск неад’емным правам палестынскага народу. Пра гэты выпуск крытычна азваліся «Таймс» і «Linn’s Stamp News». Марка наміналам 15 цэнтаў стала першай маркай ААН пасьля 1954 року, прададзенай у колькасьці меней за 1 млн асобнікаў. Далейшае агульнае зьніжэньне аб’ёмаў рэалізацыі марак ААН па-праізраільску настроеная грамадзкасьць зьвязвае з гэтай эмісіяй.

Хоць рэалізацыя венскіх марак заставалася высокаю, аднак вялікая колькасьць выпускаў да 1983 року распрадавалася ў аб’ёмах меней за мільён штук. У 1986 сувэнірны аркуш у гонар Сусьветнай фэдэрацыі арганізацыяў ААН стаў першым выпускам, які быў прададзены ў колькасьці меней за 500 тысячаў асобнікаў. Дагэтуль маркі ААН ніколі нават не друкаваліся меншымі накладамі.

Спробы вярнуць зацікаўленасьць рэдагаваць

Імкнучыся павялічыць продажы, Паштовая адміністрацыя ААН спалучае друк марак меншымі накладамі, агрэсіўны маркетынг і прыцягвае да стварэньня малюнкаў вядомых мастакоў. Тым ня меней, аб’ёмы рэалізацыі марак так і не аднавіліся, сёньня яны выходзяць накладамі парадку 400 тыс. асобнікаў і рэдка калі бываюць распрададзеныя напоўніцу.

Крыніцы рэдагаваць

  1. ^ UN Stamps are the Messengers of Peace (анг.) About UNPA. United Nations Postal Administration. Праверана 2009-07-05 г. Архіўная копія ад 2012-02-29 г.
  2. ^ van den Hurk G. The war in Angola and along the Namibian border, 1975—1988(недаступная спасылка) // A Filatelia Portuguesa. — 2001. — Nº 12 (101). (анг.)

Літаратура рэдагаваць

  • Владинец Н. И. Знаки почтовой оплаты Организации Объединённых Наций // Советский коллекционер. — № 12. — 1974. — С. 70—88.
  • Драгунов Г., Царицын Г. ООН — 30 лет // Филателия СССР. — 1975. — № 9. — С. 40—42.
  • Клочков М. Почта ООН-Сити // Филателия СССР. — 1989. — № 11. — С. 56—59.
  • Лепешинский Л. Л. Филателистическая география (зарубежные страны): Справочник. — М.: Связь, 1967. — 480 с (См. Соединённые Штаты Америки.(недаступная спасылка))
  • Международный день ООН // Календарь филателиста на 1976 год. — М.: Связь, 1975. — 18—24 октября.
  • Туранов А. Перекуём мечи на орала // Филателия СССР. — 1977. — № 4. — С. 41—43. (О Почтовой администрации ООН и её выпусках на тему международного мира и безопасности.)
  • Own the Longest United Nations Stamp Series // Mystic Stamp Highlights. — 2007. — Vol. 4. — No. 3. — P. 15. (анг.)

Вонкавыя спасылкі рэдагаваць