«Ода мэлянхоліі» (па-ангельску: Ode on Melancholy) — паэма, напісаная ангельскім паэтам Джонам Кітсам увесну 1819 года. Увесну гэтага ж году ён напісаў «Оду грэцкай вазе» (анг. Ode on a Grecian Urn), «Оду салаўю» (анг. Ode to a Nightingale), «Оду бязьдзейнасьці» (анг. Ode on Indolence) і «Оду Псыхеі» (анг. Ode to Psyche). У верасьні таго ж году Кітс напісаў паэму «Ода восені» (анг. To Autumn), якая завяршыла цыкль «Вялікіх одаў 1819 году».

Партрэт Джона Кітса, зроблены Ўільямам Гілтанам (Нацыянальная партрэтная галерэя, Лёндан)

Аповед паэмы апісвае ўспрыняцьце паэтам мэлянхоліі праз лірычны дыскурс паміж паэтам і чытачом разам з прысьвячэньнем старажытнагрэцкім пэрсанажам і вобразам.

Перадгісторыя рэдагаваць

Цягам навучаньня ў Энфілдзе Кітс спрабаваў папоўніць свае веды старажытнагрэцкага мастацтва і, у прыватнасьці, вывучыць старажытнагрэцкую мову. Большасьць яго ўяўленьняў па старажытныгрэцкай міталёгіі былі сфармаваныя на базе ангельскіх перакладаў[1]. «Ода мэлянхоліі» зьмяшчае згадкі клясычных пэрсанажаў, тэмаў і месцаў накшталт Псыхеі, Леты і Празэрпіны ў сваім апісаньні мэлянхоліі, бо наяўнасьць алюзіяў старажытныгрэцкага мастацтва і літаратуры была ўласьцівая ўсім «пяці вялікім одам»[2].

У адрозьненьне ад аўтара «Грэцкай вазы», «Салаўя» і «Псыхеі», аўтар «Оды мэлянхоліі» зьвяртаецца наўпрост да чытача, а не да аб’екту або эмоцыі[3]. Маючы толькі тры стансы, гэтая паэма зьяўляецца найкарацейшай одай Кітса, напісанай ў 1819 годзе; тым ня менш, арыгінальная першая станса была выдаленая з тэксту перад публікацыяй паэмы ў 1820[4].

Структура рэдагаваць

«Ода мэлянхоліі» складаецца з трох стансаў па дзесяць радкоў кожная. З-за таго, што паэма зьмяшчае меншую колькасьць стансаў за «Оду бязьдзейнасьці» і «Оду грэцкай вазе», рытмічная схема верша выглядае меней дасканалай і распрацаванай. Першая і другая стансы маюць рытмічную схему: ABABCDECDE, апошняя трэцяя мае іншую рыфмоўку: ABABCDEDCE. Як і ў «Одзе грэцкай вазе», «Одзе бязьдзейнасьці» і «Одзе восені», кожная станса пачынаецца з рытмічнай схемы ABAB і завярашецца мілтанаўскім сэкстэтам[5]. Асноўны памер паэмы — ямбічны пэнтамэтар.

Крыніцы рэдагаваць

  1. ^ Bate, Walter Jackson. John Keats. Cambridge, Mass: Belknap Press of Harvard University Press, 1963. С. 25—26
  2. ^ John B. Gleason. A Greek Eco in Ode on a Grecian Urn. (RES New Series Vol. XLII, No. 165). Oxford University Press (1991)
  3. ^ Bennett, Andrew. Keats, Narrative and Audience. Cambridge University Press (1994). С. 133
  4. ^ Gaillard. Theodore L., Jr. «Keats’s Ode on Melancholy.» The Explicator. Sept 22, 1994.
  5. ^ Gittings, Robert. John Keats. London: Heinemann, 1968. С. 300

Вонкавыя спасылкі рэдагаваць