Міхаіл Хадаркоўскі

расейскі прадпрымальнік, палітык

Міхаіл Барысавіч Хадаркоўскі (па-расейску: Михаил Борисович Ходорковский, нарадзіўся 26 чэрвеня 1963 году) — расейскі прадпрымальнік, грамадзкі дзяяч, публіцыст.

Міхаіл Хадаркоўскі
Дата нараджэньня 26 чэрвеня 1963(1963-06-26)[1][2] (60 гадоў)
Месца нараджэньня
Месца вучобы
Занятак прадпрымальнік, філянтроп
Бацька Boris Khodorkovsky[d]
Маці Marina Khodorkovskaya[d]
Дзеці Павал Хадаркоўскі[d][4] і Anastasia Khodorkovskaya[d]
Узнагароды
Сайт khodorkovsky.ru (рас.)

Дзяцінства і маладосьць рэдагаваць

Міхаіл Хадаркоўскі нарадзіўся ў Маскве. Яго бацькі былі інжынэры, усё жыцьцё працавалі на заводзе «Калибр». Сям’я жыла небагата, у камунальнай кватэры. Уласную кватэру Хадаркоўскія займелі толькі ў 1971 годзе. Зь дзяцінства Хадаркоўскі цікавіўся хіміяй, скончыў школу з паглыбленым вывучэньнем хіміі, а ў 1981 годзе паступіў у Маскоўскі хіміка-тэхналягічны інстытут імя Дзьмітрыя Мендзялеева.

Паколькі сям’я жыла сьціпла, зь першага курсу Міхаіл пачаў падрабляць цесьляром у жыльлёвым каапэратыве. Гэта не замінала яму пасьпяхова вучыцца і цягам усіх гадоў навучаньня быць найлепшым студэнтам свайго курсу. Аднак нягледзячы на выдатныя акадэмічныя посьпехі і працу ў камсамоле, разьмеркаваньне пасьля заканчэньня інстытуту прынесла яму расчараваньне — па прычыне савецкай дыскрымінацыі (бацька Хадаркоўскага — жыд), ён ня змог атрымаць накіраваньне ў навукова-дасьледчы інстытут, чыёй тэматыкаю асабліва цікавіўся.

Пачатак прадпрымальніцкае дзейнасьці рэдагаваць

Магчымасьці навуковае кар'еры ў СССР для Хадаркоўскага былі абмежаваныя, таму ён вырашыў карыстацца магчымасьцямі, якія давала энэргічным людзям гарбачоўская «Перабудова». На той момант Хадаркоўскі ўжо быў жанаты з аднакурсьніцай і меў сына.

Хадаркоўскі вырашыў заняцца ўкараненьнем навукова-тэхнічных распрацовак у вытворчасьць. У 1987 годзе ён стварае Цэнтар навукова-тэхнічнае творчасьці моладзі. Паралельна з работай ён вучыўся ў Інстытуце народнае гаспадаркі імя Пляханава. Цэнтар хутка стаў эфэктыўнай і пасьпяховай арганізацыяй, злучывам паміж патрабаваўшымі сьвежых тэхналягічных ідэяў у вытворчасьці і фундамэнтальнай навукай.

У 1989 годзе заробленыя цэнтрам грошы сталіся асновай для арганізацыі аднаго зь першых камэрцыйных банкаў у Расеі — банку «Менатеп». Той час быў спрыяльным для банкаўскага сэктару — як дзяржаўным, так і камэрцыйным прадпрыемствам былі патрэбныя крэдыты. Банк актыўна ўдзельнічаў у шэрагу дзяржаўных праграмаў — у прыватнасьці, быў упаўнаважаны банкам кампаніі «Росвооружение».

У кастрычніку 1992 году рада дырэктароў банку «Менатеп» прыняла рашэньне аб зьмене канцэпцыі разьвіцьця і пераходзе ад чыста банкаўскага бізнэсу да стратэгіі стварэньня фінансава-прамысловае групы. У 1994—1995 гадах банк актыўна ўдзельнічаў у інвэстыцыйных конкурсах, цягам якіх набыў пакеты акцый шэрагу буйных прамысловых прадпрыемстваў — АО «Апатит», «Воскресенские минеральные удобрения», «Уралэлектромедь», Сярэднерасейскага і Кіраваґрадзкага медзеплавільных заводаў, Усьць-Ілімскага лесапрамысловага камбінату, АО «АВИСМА», Волскага трубнага заводу.

ЮКОС рэдагаваць

У 1995 годзе дзяржава вырашыла выставіць на закладавы аўкцыён буйны пакет дзяржаўнае нафтавае кампаніі «ЮКОС». Гэтае рашэньне было выкліканае дзьвюма прычынамі: сыстэмным крызісам, які ахапіў нафтавую эканоміку краіны, і адсутнасьцю грошай у бюджэце Расеі. Да 1995 году «ЮКОС» быў стратнай кампаніяй зь вялізнымі пазыкамі, стала падаючай добычай і састарэлым абсталяваньнем. На прадпрыемствах кампаніі была перадстрайкавая сытуацыя, выкліканая шасьцімесячнай затрымкаю выплаты заробкаў. Дзяржава прапанавала ўдзельнічаць у акцыі ўсім буйным фінансавым структурам, але акрамя банку «Менатеп» ніхто не рызыкнуў інвэставаць у практычна абанкруціўшуюся кампанію, хтосьці ня здолеў знайсьці дастаткова сродкаў для ўнясеньня дзяржаве закладу. У выніку пад заклад $350 млн «Менатеп» атрымаў у кіраваньне 78% акцыяў НК «ЮКОС».

Хадаркоўскаму дасталася цалкам разбуранае і амаль безнадзейнае прадпрыемства. Каб паправіць справы спатрэбіліся 6 гадоў. Хадаркоўскі цалкам адышоў ад банкаўскага бізнэсу, займаўся выключна нафтаваю кампаніяй, дамаўляўся з урадам аб рэструктурызацыі пазыкаў, прыцягаў інвэстыцыі выключна пад уласную рэпутацыю. У кіраваньне кампаніяй былі запрошаныя сусьветна вядомыя мэнэджары з буйных замежных нафтавых кампаній. Да 2003 году НК «ЮКОС» з стратнага прадпрыемства ператварыўся ў лідэра сусьветнага энэргетычнага рынку, удзельнікам дзясяткі сусьветных кампаній з найбольш празрыстай сыстэмай кіраваньня і справаводзтва, з капіталізацыяй у 40 млрд даляраў.

Мэцэнат рэдагаваць

Дасягнуўшы посьпехаў у бізнэсе, Хадаркоўскі пачаў шмат рабіць для вырашэньня праблемаў Расеі, для разьвіцьця моладзі.

У 2001 годзе Міхаіл Хадаркоўскі заснаваў дабрачынную фундацыю «Адкрытая Расея», мэтаю якое сталася рэалізацыя праектаў у галіне культуры і адукацыі, разьвіцьцё інтэлектуальнага патэнцыялу краіны. У Падмаскоўі Хадаркоўскім быў заснаваны каледж для дзяцей-сіротаў. Зь цягам часу Хадаркоўскі меў намер цалкам пераключыцца на кіраўніцтва фундацыяй, перадаўшы справы НК «ЮКОС» сваім калегам.

Арышт і зьняволеньне рэдагаваць

25 кастрычніка 2003 году ў Новасыбірску самалёт Хадаркоўскага штурмам бярэ ФСБ. Хадаркоўскага абвінавачваюць у парушэньнях ОАО «Апатит» у 1994 годзе і арыштоўваюць. Знаходзячыся ў затачэньні, Хадаркоўскі складае зь сябе паўнамоцтвы кіраўніка нафтавае кампаніі, каб не пашкодзіць свайму прадпрыемству.

Арышт Хадаркоўскага зьвязваюць з палітычнымі амбіцыямі прадпрымальніка. «ЮКОС» выступаў спонсарам расейскіх дэмакратычных партыяў. Меўшаеся адбыцца зьліцьцё «ЮКОС»у зь іншым нафтавым гігантам «Сибнефть» прывяло б да зьяўленьня буйнейшае нафтавае кампаніі ў сьвеце, якая была б непадкантрольнаю Крамлю і рэжыму Ўладзімера Пуціна.

Пасьля арышту Хадаркоўскага значна пагоршылася інвэстыцыйная прыцягальнасьць Расеі. Пачаліся размовы аб высокай палітычнай рызыцы інвэстыцыяў у Расейскую Фэдэрацыю.

У сакавіку 2004 году газэта «Ведомости» публікуе перададзены Хадаркоўскім праз адвакатаў артыкул «Крызіс лібэралізму ў Расеі». Артыкул выклікаў моцны грамадзкі рэзананс і даў пачатак дыскусіі аб шляхах далейшага разьвіцьця расейскага грамадзтва.

Міхаіл Хадаркоўскі паўтара году трымаўся ў турме, пакуль супраць яго фабрыкавалася крымінальная справа. Дэмакратычная грамадзкасьць Расеі пратэставала супраць зьняволеньня бізнэсмэну. Міжнародныя арганізацыі прызналі Хадаркоўскага вязьням сумленьня.

31 траўня 2005 году суд прысудзіў Хадаркоўскаму 9 гадоў турмы. 20 сьнежня 2013 году Уладзімер Пуцін падпісаў указ аб памілаваньні, вызваліўшы Хадаркоўскага ад адбыцьця пакараньня.

Хадаркоўскі жанаты другім шлюбам, мае чатырох дзяцей.

Вонкавыя спасылкі рэдагаваць

  Міхаіл Хадаркоўскісховішча мультымэдыйных матэрыялаў

  1. ^ Ray M. Mikhail Khodorkovsky // Encyclopædia Britannica (анг.)
  2. ^ Michail Chodorkowskij // Munzinger Personen (ням.)
  3. ^ Deutsche Nationalbibliothek Record #131474650 // Gemeinsame Normdatei (ням.) — 2012—2016.
  4. ^ https://imrussia.org/en/about-us