Мазырсоль

прамысловае прадпрыемства Беларусі

Каардынаты: 52°0′12″ пн. ш. 29°12′56″ у. д. / 52.00333° пн. ш. 29.21556° у. д. / 52.00333; 29.21556

«Мазырсо́ль» — дзяржаўнае прамысловае прадпрыемства Беларусі, заснаванае ў сьнежні 1982 году ў якасьці «Мазырскага солевыварнага камбінату» (Гомельская вобласьць).

«Мазырсоль»
Тып адкрытае акцыянэрнае таварыства
Заснаваная 21 сьнежня 1982 (41 год таму)
Уласьнікі «Белдзяржхарчпрам» (89 %)
Краіна Сьцяг БеларусіБеларусь
Разьмяшчэньне Сьцяг Гомельскае вобласьці Гомельская вобласьць
Адрас 247760, Сьцяг Мазыру Мазыр[1]
Ключавыя фігуры Уладзімер Дворнік (генэральны дырэктар), Аляксандар Бокшыц (галоўны інжынэр)[1]
Галіна прамысловасьць
Прадукцыя тэхнічная і харчовая соль, салільна-нітрытная сумесь
Абарачэньне 123,667 млн рублёў[2] (2020 год; 47,953 млн $)
Апэрацыйны прыбытак 13,993 млн рублёў (2020 год; 5,425 млн $)
Чысты прыбытак 11,324 млн рублёў (2020 год; 4,391 млн $)
Лік супрацоўнікаў 988 (2020 год)
Матчына кампанія «Белдзяржхарчпрам» (Менск)
Даччыныя кампаніі «Чырвоны Мазыранін» (Нароўля)
Аўдытар ТАА «Белросаўдыт» (Менск)

На 2022 год была найбольшым вытворцам выварнай солі клясы экстра ва Ўсходняй Эўропе і ўваходзіла ў канцэрн «Белдзяржхарчпрам»[3]. Месьціцца на Мазырскім радовішчы каменнай солі з выведанымі запасамі на больш як 400 млн тонаў. Радовішча мае выгляд купалападобнага падняцьця і складаецца з чаргаваньня перапласткаў нерашчынальных пародаў і солі. Глыбіня заляганьня здабыванай солі складае ад 600 да 1250 мэтраў ад паверхні зямлі. Соль здабываюць падземным рашчыненьнем саляноснай тоўшчы пітной вадой празь 10 сьвідравінаў расолапромыслу на адлегласьці 3-х км ад заводу. Пасьля падачы ў сьвідравіну вады для рашчыненьня солі насычаны расол падымаюць на паверхню і праз расолаправоды перапампоўваюць на завод. У аддзяленьні ачысткі расолу насычаную рашчыну ачышчаюць ад мэханічных дамешкаў, соляў кальцу і магну, пасьля чаго падаюць на выпарваньне. Атрыманую выпарваньнем саляную пульпу згушчаюць цэнтрыфугай да вільготнасьці 3 % і высушваюць да вільготнасьці меншай за 0,1 %. Соль гатунку экстра вырабляюць з прынамсі 99,7 % хлярыду натру[4]. Беларуская чыгунка мела станцыю Козенкі з прыпынкам «Мазырсоль», дзе прымалі 20-футавыя кантэйнэры вагой да 24-х тонаў[5].

Будова рэдагаваць

На 2022 год «Мазырсоль» улучала 10 аддзелаў: 1) вонкаваэканамічнай дзейнасьці, 2) вытворча-тэхнічны, 3) галоўнага мэханіка, 4) галоўнага энэргетыка, 5) кадраў, 6) матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня, 7) продажу, 8) транспартнага суправаджэньня грузаперавозак, 9) фінансавы, 10) юрыдычны. Таксама існавалі бухгальтэрыя, бюро кіраваньня якасьцю і канцылярыя[1]. Тавараправодная сетка за мяжой улучала 2 прадпрыемствы ў Латвіі (Рыга) і Расеі (Бранск) — «Белхарчпрам» і «Беларускую харчовую кампанію» адпаведна[6]. Дастаўку ажыцьцяўлялі ад 500 кг па Беларусі і ад 20 тонаў за мяжу[7]. За мяжой дзейнічала 26 афіцыйных прадстаўнікоў у 2 краінах Азіі — Казахстане (Алматы) і Кыргыстане (Бішкек), а таксама ў 7 краінах Эўропы — суседніх Латвіі (Рыга), Польшчы (Ломжа ў Падляскім ваяводзтве), Расеі (13: Бранск, Екацярынбург, Казань і Набярэжныя Чаўны ў Татарстане, Калінінград, Краснаярск, Перм і Санкт-Пецярбург) і Ўкраіне (8: Адэса, Дняпро, Запарожжа, Кіеў, Фастаў у Кіеўскай вобласьці і Чаркасы), як і Баўгарыі (Сафія), Вугоршчыне (Ньірэдзхаза) і Малдове (Кішынёў)[8].

Вырабы рэдагаваць

На 2022 год «Мазырсоль» вырабляла:

  • 8 відаў харчовай солі — найвышэйшага і экстра гатункаў, марскую і сумесь марской і выварной солі, у тым ліку ёдаваную[9];
  • 3 віды тэхнічнай солі — грануляваную для посудамыйкі і водападрыхтоўкі прамысловай ачысткі, таблетаваную для ачысткі[10];
  • 6 відаў салільна-нітрытнай сумесі — унівэрсальную (харчовая выварная соль гатунку экстра з 0,4—0,6 % нітрыту натру), стандартную (з 0,6—0,8 % нітрыту натру) і спэцыяльную (з 0,8—0,9 % нітрыту натру), у тым ліку зь ёдам[11].

Мінуўшчына рэдагаваць

У 1963 годзе ў Мазырскім раёне (Беларуская ССР) на поўдзень ад Мазыра адкрылі паклады каменнай солі. У 1974-м пачалі будаваць «Мазырскі солевыварны камбінат»[3]. Яго праект распрацаваў Усесаюзны навукова-дасьледчы інстытут галюргіі ў Ленінградзе (Расейская СФСР)[12]. 21 сьнежня 1982 году выпусьцілі першую выварную соль, што паклала пачатак заснаваньню прадпрыемства. У 1996 годзе на «Мазырскім солезаводзе» асвоілі выпуск «Беларускай» харчовай солі найвышэйшага гатунку[3], а таксама пачалі штогадовыя пастаўкі кухоннай солі ў Сэрбію[13]. 12 чэрвеня 2000 году Гомельскі абласны выканаўчы камітэт улічыў адкрытае акцыянэрнае таварыства «Мазырсоль» за № 400087365. У 2002-м пачалі выраб салільна-нітрытнай сумесі[3]. У 2003 годзе кацельню перавялі на прыродны газ і ўсталявалі блёк-станцыі, што дазволіла цалкам забясьпечыць вытворчасьць уласнай электраэнэргіяй, лішкі якой нават сталі прадаваць[12]. У 2005-м сталі выпускаць таблетаваную соль[3], а вытворчасьць прадпрыемства перавысіла праектную магутнасьць, якая складала 360 000 тонаў солі за год[12]. У 2006-м асвоілі выпуск касмэтычнай солі для ванны. У 2008 годзе пачалі выпуск сухой прыправы[3]. 15 сьнежня 2008 году Савет міністраў Беларусі ўхваліў Пастанову № 1927 аб пераліку 162-х стратэгічна значных прадпрыемстваў краіны, у які ўлучылі «Мазырсоль» сярод 15 прадпрыемстваў «Белдзяржхарчпраму»[14].

15 кастрычніка 2011 году Савет міністраў Беларусі зацьвердзіў Пастанову № 1390 аб абмежаваньнях здабычы карысных выкапняў, паводле якой «Мазырсолі» пакінулі дазвол здабываць 400 000 тонаў солі за год[15]. У 2011-м асвоілі выраб сумесі выварной і марской солі[3]. Цягам 2011 году «Мазырсоль» паставіла звыш 300 000 тонаў харчовай солі на 35 млн даляраў у 18 краінаў. «Мазырсоль» была найбольшым вытворцам харчовай солі ва Ўсходняй Эўропе[16]. На Расею прыпала 75 % паставак за мяжу[17]. Пры гадавой магутнасьці вытворчасьці 360 000 тонаў 85 % вырабаў экспартавалі[18]. 12 красавіка 2012 году Савет міністраў Беларусі ўхваліў Пастанову № 330, якой улучыў «Мазырсоль» у пералік звыш 60 высокарэнтабэльных дзяржаўных прадпрыемстваў для пералічэньня часткі прыбытку за 2011 год у Дзяржаўны мэтавы бюджэтны фонд нацыянальнага разьвіцьця (ДМБФНР). Пералічэньне сродкаў мелі ажыцьцяўляць роўнымі долямі штомесяц цягам 2012 году[19]. 14 лістапада 2012 году Савет міністраў Беларусі ўхваліў Пастанову № 1046, якой павысіў дазволены абсяг здабычы каменнай солі для «Мазырсолі» з 425 000 да 435 000 тонаў за год[20]. У 2012 годзе на прапанову Камітэту дзяржаўнага кантролю Беларусі «Мазырсоль» пачала прадаваць свае вырабы ў Расеі наўпрост спажыўцам замест пасярэдніцтва «Беларускай харчовай кампаніі» і перайшла на поўную перадаплату пры заключэньні ўгодаў. У выніку прыбытак вырас на 20 % да 60 млрд рублёў (7 млн даляраў)[21].

У ліпені 2013 году дабудавалі расолаздабыўную сьвідравіну № 15, што дазваляла пашырыць гадавую вытворчасьць да 480 000 тонаў[22]. 15 жніўня 2013 году Савет міністраў Беларусі ўхваліў Пастанову № 721, якой улучыў «Мазырсоль» у пералік 91 гаспадарчага таварыства, на набыцьцё паёў якіх мелі пераважнае права абласныя і Менскі гарадзкі выканаўчы камітэты. Такое пераважнае права распаўсюджвалася на паі, набытыя ў дзяржавы са зьніжкай 20 % адносна намінальнай цаны, а таксама ў абмен на імянныя прыватызацыйныя чэкі «Маёмасьць» і ўзамен доляў у маёмасьці арэндных і народных прадпрыемстваў пры іх пераўтварэньні ў акцыянэрныя таварыствы. Гомельскі абласны выканаўчы камітэт меў адпаведнае права адносна 2-х прадпрыемстваў[23]. У 2013-м першымі ў Беларусі асвоілі выпуск грануляванай солі[3] для водаачысткі посудамыйкі. У сьнежні 2013 году пусьцілі лінію аўтаматычнай фасоўкі солі ў гофратару і ўсталявалі ў цэху таблетавальныя прэсы. Апошнія сталі выкарыстоўваць у вырабе солі ў таблетках для зьмякчэньня жорсткасьці вады, што прадухіляе накіп у воданагравальніку і ацяпляльнай трубе. У 2013 годзе вытворчасьць дасягнула 400 000 тонаў, зь якіх большасьць паставілі за мяжу: 65 % у Расею і большасьць рэшты ў Латвію і Летуву. Энэргавыдаткі складалі звыш 35 % сабекошту вырабаў. На люты 2014 году «Мазырсоль» выпускала ёдаваную і фтараваную харчовую соль, а таксама грануляваную, з прыправай і таблетаваную соль. Вытворчасьць грунтавалася на здабычы падземным вылугоўваньнем кандыцыйных расолаў праз 9 сьвідравінаў з пад'ёмам на паверхню. Содневая вытворчасьць перавышала 1400 тонаў солі. Сярэднемесячны заробак на прадпрыемстве складаў 6 млн рублёў (585 даляраў). На заводзе дзейнічала 5 аўтаматычных лініяў таблетаванай солі, 3 лініі фасаваньня вырабаў і 2 лініі затарваньня. Фасовачны робат запаўняў сольлю 50 пакетаў за хвіліну. Пры гэтым, у цэху фасоўкі і затарваньня працавала 218 чалавек. Галоўным падраднікам пашырэньня прадпрыемства выступаў інстытут «Белдзімпрааграхарчпрам» у Менску[12].

У 2014 годзе аднавілі пастаўкі 3000 тонаў солі ў Сэрбію пасьля 2-гадовага перапынку[13]. У 2015-м распачалі выпуск харчовай марской солі. У 2016 годзе «Мазырсоль» павялічыла вытворчую магутнасьць да 480 000 тонаў солі за год пасьля сканчэньня перабудовы[3]. 31 траўня 2017 году Савет міністраў Беларусі ўхваліў Пастанову № 403, якой улучыў «Мазырсоль» у пералік 52-х высокапрыбытковых прадпрыемстваў, якія абавязалі перадаць частку прыбытку за 2016 год у ДМБФНР[24]. 9 красавіка 2018 году Савет міністраў Беларусі зацьвердзіў Пастанову № 268, паводле якой «Мазырсоль» трапіў у пералік 29 такіх дзяржаўных прадпрыемстваў для перадачы часткі прыбытку за 2017 год[25]. 12 красавіка 2019 году «Мазырсоль» апынулася ў пераліку 44 такіх прадпрыемстваў, якіх абавязалі пералічыць частку прыбытку за 2018 год ураду Беларусі[26]. За 2018 году вырабілі і прадалі 515 000 тонаў вырабаў. Таксама пабудавалі 10-ю расолаздабывальную сьвідравіну і паставілі 2 новыя градзірні для ахалоджваньня вады. За мяжу паставілі 85 % вырабаў, зь якіх звыш паловы ў Расею, а рэшту ва Ўкраіну, Латвію і Летуву, а таксама ў Казахстан, Кыргыстан і Польшчу. На чэрвень 2019 году запасы радовішча перавышалі 400 млн тонаў пры магчымасьці заводу здабыць і перапрацаваць да 480 000 тонаў за год. «Мазырсоль» выпускала каля 100 найменьняў тавараў пад уласнымі таварнымі знакамі «Беларуская», «Залаты зубр», «Марская плюс» і «Палесьсе», у тым ліку харчовыя дадаткі для мясных вырабаў, а таксама 13 найменьняў прыправы пад таварным знакам «Салера». Утрыманьне хлярыду натру складала ў харчовай солі прынамсі 99,5 %. Цягам 2019 году ўсталявалі новыя прэсы 10-кратна большай магутнасьці для таблетаваньня, каб павялічыць вытворчасьць таблетаванай солі для ўмякчэньня вады да 200 000 тонаў за год[27].

На чэрвень 2020 году «Мазырсоль» налічвала каля 1000 супрацоўнікаў і пастаўляла вырабы ў 17 краінаў. Прадпрыемства забясьпечвала харчовымі дадаткамі ўсе мясаперапрацоўчыя заводы Беларусі і найбольшыя мясакамбінаты Расеі[28]. У 2020 годзе ў 15 краінаў паставілі каля 430 000 тонаў (84 %) вырабаў на суму 40 млн даляраў[29]. У 2020 годзе на «Мазырсоль» прыпала 0,5 % прамысловай вытворчасьці Гомельскай вобласьці[30]. У 2020 годзе «Мазырсоль» стала мацярынскім прадпрыемствам для кандытарскай фабрыкі «Чырвоны Мазыранін» у Нароўлі.

Кіраўнікі рэдагаваць

Крыніцы рэдагаваць

  1. ^ а б в Кантактная інфармацыя // ААТ «Мазырсоль», 2022 г. Праверана 7 студзеня 2022 г.
  2. ^ І.Н. Долмат, Уладзімер Дворнік. Кансалідаваная фінансавая справаздачнасьць за 2020 год паводле МСФС (рас.) // ААТ «Мазырсоль», 31 траўня 2021 г. Праверана 7 студзеня 2022 г.
  3. ^ а б в г д е ё ж з Аб прадпрыемстве // ААТ «Мазырсоль», 2022 г. Праверана 7 студзеня 2022 г.
  4. ^ Вытворчасьць // ААТ «Мазырсоль», 2022 г. Праверана 7 студзеня 2022 г.
  5. ^ Станцыі, адкрытыя для працы з кантэйнэрамі // Беларуская чыгунка, 2022 г. Праверана 7 студзеня 2022 г.
  6. ^ Тавараправодная сетка // ААТ «Мазырсоль», 2022 г. Праверана 7 студзеня 2022 г.
  7. ^ Пытаньне-адказ // ААТ «Мазырсоль», 2022 г. Праверана 7 студзеня 2022 г.
  8. ^ Афіцыйныя прадстаўнікі // ААТ «Мазырсоль», 2022 г. Праверана 7 студзеня 2022 г.
  9. ^ Харчовая соль для дому // ААТ «Мазырсоль», 2022 г. Праверана 7 студзеня 2022 г.
  10. ^ Тэхнічная соль для дому // ААТ «Мазырсоль», 2022 г. Праверана 7 студзеня 2022 г.
  11. ^ Салільна-нітрытная сумесь // ААТ «Мазырсоль», 2022 г. Праверана 7 студзеня 2022 г.
  12. ^ а б в г Віктар Бойка, Алена Даўжанок. Арыентыр — 480 тысяч тон за год // Зьвязда : газэта. — 6 лютага 2014. — № 22 (27632). — С. 5. — ISSN 1990-763x.
  13. ^ а б Сёньня ў Сэрбіі - дзень вялікай эканомікі // Белтэлерадыёкампанія, 13 чэрвеня 2014 г. Праверана 7 студзеня 2022 г.
  14. ^ БелаПАН. Урад зацьвердзіў пералік стратэгічна значных для эканомікі Беларусі ААТ // Газэта «Наша ніва», 18 сьнежня 2008 г. Праверана 7 студзеня 2022 г.
  15. ^ У Беларусі павялічаны ліміт здабычы кухоннай солі // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 24 кастрычніка 2011 г. Праверана 7 студзеня 2022 г.
  16. ^ За што арыштавалі дырэктара «Мазырсолі» // Беларуская служба Радыё «Свабода», 5 студзеня 2012 г. Праверана 7 студзеня 2022 г.
  17. ^ Віктар Федаровіч, «Беларускія навіны». Соль на раны беларускага дырэктарата // Партал «Беларускі партызан», 13 студзеня 2012 г. Праверана 7 студзеня 2022 г.
  18. ^ БелаПАН. «Мазырсоль» прадаваць не плянуюць // Газэта «Наша ніва», 13 студзеня 2012 г. Праверана 7 студзеня 2022 г.
  19. ^ Больш як 60 высокарэнтабэльных арганізацыяў Беларусі пералічаць частку прыбытку ў фонд нацразьвіцьця // БелТА, 17 красавіка 2012 г. Праверана 7 студзеня 2022 г.
  20. ^ Ліміт на здабычу нафты ў Беларусі ў 2013 годзе нязначна зьнізіцца - да 1,66 млн.т // БелТА, 20 лістапада 2012 г. Праверана 7 студзеня 2022 г.
  21. ^ Навучыліся зарабляць на прадпрыемстве «Мазырсоль» // Белтэлерадыёкампанія, 2 лютага 2013 г. Праверана 7 студзеня 2022 г.
  22. ^ Віктар Бойка. «Раён ідзе наперад, але трэба працаваць і працаваць» // Зьвязда. — 6 лютага 2014. — № 22 (27632). — С. 3.
  23. ^ Узгоднены новыя пералікі гаспадарчых таварыстваў, пераважнае права на акцыі якіх маюць аблвыканкамы // БелТА, 20 жніўня 2013 г. Праверана 7 студзеня 2022 г.
  24. ^ «Беларускі партызан». Улады павялічылі сьпіс тых, хто абавязаны частку прыбытку аддаць дзяржаве // Прэс-цэнтар «Хартыі'97», 4 чэрвеня 2017 г. Праверана 7 студзеня 2022 г.
  25. ^ У Беларусі вызначаныя арганізацыі, якія пералічаць частку прыбытку ў фонд нацразьвіцьця // БелТА, 9 красавіка 2018 г. Праверана 7 студзеня 2022 г.
  26. ^ Партал «Штодзёньнік». Урад вызначыў сьпіс прадпрыемстваў, якія «павінныя падзяліцца» // Прэс-цэнтар «Хартыі'97», 12 красавіка 2019 г. Праверана 7 студзеня 2022 г.
  27. ^ Уладзімер Хількевіч, Алена Даўжанок. Гнуткая рынкавая стратэгія // Зьвязда. — 26 чэрвеня 2019. — № 118 (28985). — С. 8.
  28. ^ Тэлеканал «Беларусь 1». Кіраўнік Адміністрацыі прэзыдэнта Ігар Сергяенка сёньня пабываў у Мазырскім раёне // Белтэлерадыёкампанія, 24 чэрвеня 2020 г. Праверана 7 студзеня 2022 г.
  29. ^ Субоцін: АПК нарошчвае вытворчы патэнцыял і пашырае геаграфію экспарту // Газэта «Зьвязда», 29 лістапада 2021 г. Праверана 7 студзеня 2022 г.
  30. ^ Прамысловасьць // Гомельскі абласны выканаўчы камітэт, 2021 г. Праверана 7 студзеня 2022 г.
  31. ^ БелаПАН. За хабар затрыманы гендырэктар ААТ «Мазырсоль» // Газэта «Наша ніва», 4 студзеня 2012 г. Праверана 7 студзеня 2022 г.
  32. ^ «Беларускі партызан». У ААТ «Мазырсоль» новы дырэктар // Газэта «Наша ніва», 7 лютага 2012 г. Праверана 7 студзеня 2022 г.
  33. ^ У ААТ «Мазырсоль» новы генэральны дырэктар // Газэта «Жыцьцё Палесься», 28 красавіка 2021 г. Праверана 7 студзеня 2022 г.

Вонкавыя спасылкі рэдагаваць