Забалацьце (Хвойнікі)

гістарычная мясцовасьць Хвойнікаў

Забалацьце, Забалаць — гістарычная мясцовасьць Хвойнікаў, разьмешчаная ў паўночнай частцы места.

Забалацьце
трансьліт. Zabałaćcie
Дата заснаваньня: перад 1811 годам
Краіна: Беларусь
Вобласьць: Гомельская
Раён: Хвойніцкі
Часавы пас: UTC+3
Тэлефонны код: +375 2346
Нумарны знак: 3
Геаграфічныя каардынаты: 51°50′0″ пн. ш. 29°59′0″ у. д. / 51.83333° пн. ш. 29.98333° у. д. / 51.83333; 29.98333Каардынаты: 51°50′0″ пн. ш. 29°59′0″ у. д. / 51.83333° пн. ш. 29.98333° у. д. / 51.83333; 29.98333
Забалацьце на мапе Беларусі ±
Забалацьце
Забалацьце
Забалацьце
Забалацьце
Забалацьце
Забалацьце

Назва рэдагаваць

 
Забалацьце на тапаграфічнай мапе Менскай губэрні А. К. Фіцінгофа. 1846 г.

Назву Забалацьце паселішча атрымала праз сваё месцазнаходжаньне адносна мястэчка Хвойнікі за балотам, частка якога ператварылася ў вужар (ужар). Так на Палесьсі людзі называлі выгаралае тарфяное балота, залітае вадой[1][a].

Гісторыя рэдагаваць

Расейская імпэрыя рэдагаваць

У шляхецкай рэвізіі 1811 году хвойніцкую вёску Забалаць з 61-й душой прыгонных сялянаў[b], прыналежную да фальварку Linterny дзедзіцтва абозных Прозараў, трымаў у арэндзе па кантракту Ваўжынец Балашэвіч, ротмістар Берасьцейскага павету[2]. Гэта, падобна, — найранейшая зьвестка пра паселішча ў пісьмовых крыніцах.

 
Забалацьце на ваенна-тапаграфічнай мапе Менскай губэрні Ф. Ф. Шубэрта 1850 году, з праўкамі 1865-1868 гг.
 
Забалацьце на Спэцыяльнай мапе Эўрапейскай Расеі І. А. Стрэльбіцкага. 1871 г.

Надалей асобна, як вёска, Забалацьце згадвалася хіба ў дакумэнтацыі мясцовага ўжытку. Скажам, як у мэтрычных кнігах Астраглядаўскага парафіяльнага касьцёлу, дзе найчасьцей сустракаліся прозьвішчы яе жыхароў Гапоненкаў (бясспрэчныя лідары), Сьлесарэнкаў, Купрэйчыкаў, Худзенкаў, Самкоў, Стасенкаў, Дубінскіх, Караткевічаў, Сьнігіроў[c]. Ды яшчэ ў «Списках населённых мест Минской губернии по уездам, приходам, еврейским обществам со сведениями об их расположении и народонаселении [Дело]: 1857 г.» засьведчана, што 84 асобы мужчынскага і 81 жаночага пола зь ліку жыхароў Забалацьця належалі да Астраглядаўскай парафіі Ўнебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі[4]. У асноўнай жа масе тэкставых дакумэнтаў больш шырокага прызначэньня ўпаміны аб паселішчы ажно да савецкіх часоў адшукаць пакуль не ўдавалася. На плянах Хвойнікаў 1864 і 1886 гадоў на самым іх ускрайку пазначаная вуліца Забалоцкая (Забалацкая)[5] альбо Забалотная (Забалатная), а яшчэ далей за ёй раскінуліся «усадебные земли крестьян м. Хойник» [6]. Што праўда на ўсіх збольшага падрабязных старых мапах Забалацьце паказанае побач з Хвойнікамі, а ня як частка мястэчка.

Найноўшы час рэдагаваць

9 лютага 1918 года, яшчэ да падпісаньня Берасьцейскай міру з бальшавіцкай Расеяй (3 сакавіка), Нямеччына перадала паўднёвую частку Беларусі Украінскай Народнай Рэспубліцы. У адказ на гэта, 9 сакавіка Другой Устаўной граматай тэрыторыя абвешчана была часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Забалацьце і Хвойнікі, аднак, апынуліся ў складзе часова створанай 15 чэрвеня Палескай губэрні з цэнтрам у Рэчыцы, з кастрычніка – у Мазыры. Ад 18 траўня тут дзейнічала «варта Украінскай Дзяржавы» гэтмана Паўла Скарападзкага[7]. 1 студзеня 1919 году, паводле пастановы І зьезду КП(б) Беларусі, Хвойнікі ўвайшлі ў склад Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі, аднак 16 студзеня Масква адабрала іх разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР.

 
Забалацьце на мапе РККА 1924-26 гг.

Пасьля другога ўзбуйненьня БССР з 8 сьнежня 1926 году вёска Забалацьце — цэнтар сельсавету Хвойніцкага раёну Рэчыцкай акругі БССР. З 9 чэрвеня 1927 году ў складзе Гомельскай акругі. У запісцы пад назвай «Сведения о польских населённых пунктах Гомельского округа», пазначанай 1929 годам, згаданае і Забалацьце, у якім налічвалася 130 каталіцкіх альбо «польскіх» сем’яў. Згодна з «Арыентыровачным плянам калектывізацыі польскіх вёсак на Гомельшчыне 1929/1930 году», у Забалоцьці[d] меркавалася арганізаваць машыннае, малочнае і жывёлагадоўчае таварыствы[8]. На той час у вёсцы існавала створаная бальшавікамі ячэйка «польсекции ЦСББ» з 12 чалавек. 13 сьнежня 1933 году пастановай паседжаньня Тройкі пры ПП ОГПУ па БССР жыхары Забалацьця і Хвойнікаў Караль Крывенчык[e], Віктар Ермалкевіч і Пётар Кунцэвіч за нібыта ўдзел у ПОВ, «ставившей своей целью свержение Соввласти, путём поднятия вооружённого восстания», асуджаныя да 5 гадоў, а Яўхім Смольскі і Ўладыслаў Гапоненка[f] да 8 гадоў ИТЛ. Шпіёнская гісторыя мела працяг. У ліпені-жніўні 1938 году Палескім УНКВД БССР были арыштаваныя 12 чалавек — «участники шпионско-повстанческой организации, активные костёльники, бывш. бандиты, пособники белополяков...» — Смольскі А. Р., Жыляк В. В., Гапоненка М. Ю., Гапоненка С. М., Сенажэнскі А. К., Караткевіч Н. Л, Самок А. А., Купрэйчык Б. І. (усе з Забалацьця), Кунцэвіч П. І. (ужо адбыў тэрмін на Беламорканале), Наляговіч С. С., Цішкевіч А. Л. (Настольле), Шаціла І. М. (Хвойнікі). П. І. Кунцэвіч і М. Ю. Гапоненка былі расстраляныя[9], А. Р. Смольскі памёр у зьняволеньні, а і астатнія больш ніколі не вярнуліся[10].

З 20 лютага 1938 году Забалацьце апынулася ў складзе Палескай вобласьці з цэнтрам у Мазыры, з 8 студзеня 1954 году — у Гомельскай вобласьці. 16 ліпеня 1954 году да Забалацкага сельсавету далучана тэрыторыя скасаваных Карчоўскага і Небытаўскага сельсаветаў[11]. 16 красавіка 1959 году населеныя пункты Забалацьце, Першамайск і Чырвоная Ніва перададзеныя ў адміністрацыйнае падпарадкаваньне Хвойніцкага пасялковага савету, цэнтар сельсавету перанесены ў вёску Небытаў, сельсавет перайменаваны ў Небытаўскі[12]

У 1972 годзе вёска Забалацьце далучаная да места Хвойнікі пад назвай вуліца Сялянская.

Заўвагі рэдагаваць

  1. ^ Сёньня мясьціна паміж вуліцамі Пралетарскай і Сялянскай у Хвойніках.
  2. ^ Сказана, што колькасьць падданых прыведзеная паводле найноўшай рэвізіі, дык тут, відавочна, улічаныя і жанчыны.
  3. ^ Прычым, гэта назіраецца і для першай, і для другой паловы XIX ст. Гл., напрыклад, запісы 1835-37, 1840-51, 1876 гадоў[3]
  4. ^ Так запісана ў арыгінале дакумэнту.
  5. ^ Старшыня касьцёльнага камітэту пры капліцы ў 1929 г.
  6. ^ Сакратар касьцёльнага камітэту.

Крыніцы рэдагаваць

  1. ^ Яшкін І. Я. Слоўнік беларускіх мясцовых геаграфічных тэрмінаў. Тапаграфія. Гідралогія. – Мінск: ВД Беларуская навука, 2005. С. 161 – 162, 664
  2. ^ НГАБ у Менску. Ф. 333. Воп. 9. Спр. 263. А. 3
  3. ^ НГАБ. Ф.937. Воп.4. Спр. 134. Ф. 1089. Воп. 1. Спр. 1, 2, 3. Ф. 1115. Воп. 1. Спр. 42
  4. ^ Расейскі дзяржаўны гістарычны архіў. Ф. 1290. Воп. 4. Спр. 79. А. 382
  5. ^ Мястэчка Хвойнікі на пляне 1864 г.
  6. ^ Мястэчка Хвойнікі на пляне 1886 г.
  7. ^ Ціхаміраў А. В. Станаўленне і развіццё беларуска-украінскіх адносін у 1918 – 1920 гг. // Веснік БДУ. Сер. 3. 2005. № 3. С. 28 – 32; Грицкевич А. П. Борьба за Украину, 1917 – 1921 / А. П. Грицкевич; под науч. ред. А. Е. Тараса. – Минск: Современная школа, 2011. С. 92 – 93; Ільїн О. Західне Полісся в Українській Державі гетьмана Скоропадського (Історія в документах) / О. Ільїн // Над Бугом і Нарвою : український часопис Підляшшя. – 2014. № 3. С. 42; Валентина Метлицька. Тимчасова німецька окупація та її вплив на долю східного Білоруського Полісся (березень 1918 – січень 1919 рр.). // Україна та Німеччина: міждержавні відносини: збірник наукових праць / ред. кол. Владислав Верстюк (гол.), Степан Віднянський, Руслан Пиріг, Ірина Матяш, Дмитро Вєдєнєєв, Володимир Бойко, Дмитро Казіміров. – Чернігів: Сіверський центр післядипломної освіти, 2018. С. 286 – 296 (артыкул беларускамоўны); Замойский А. С. Брагин и местечки юго-восточной Беларуси в условиях перехода от войны к миру. 1918 – 1922. // Брагинщина в контексте истории белорусско-украинского пограничья: сборник научных статей / редкол. А. Д. Лебедев (отв. ред.) [и др.]. — Минск: Четыре четверти, 2018. С. 85
  8. ^ Пичуков В. П., Старовойтов М. И. Гомельщина многонациональная (20 — 30 е гг. XX в.). Выпуск I. — Гомель, 1999. С. 213, 214
  9. ^ Андрей Лебедев, Виктор Пичуков, кс. Славомир Лясковски. Костёл на Гомельщине (20 – 30-е годы XX в.). – Варшава– Люблин– Гомель: Instytut Europy Środkowo-Wschodniej, 2009. C. 58 – 59, 245, 278, 395 – 397
  10. ^ Памяць: Гісторыка-дакументальная хроніка Хойніцкага раёна (далей: Памяць) / Рэд. кал. М. А. Ткачоў [і інш.]; маст. А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн імя Петруся Броўкі, 1993. С. 71 – 76
  11. ^ Указ Президиума Верховного Совета БССР от 16 июля 1954 г. Об объединении сельских советов Гомельской области // Сборник законов Белорусской ССР и указов Президиума Верховного Совета Белорусской ССР: 1938—1955 гг. — Мн.: Изд. Президиума Верхов. Совета БССР, 1956. — 347 с.
  12. ^ Рашэнне выканкома Гомельскага абласнога Савета дэпутатаў працоўных ад 16 красавіка 1959 г. // Збор законаў, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў і распараджэнняў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1959, № 5.