Дудзінка (Барысаўскі раён)

вёска ў Барысаўскім раёне Беларусі

Дудзі́нка[1] (таксама сустракаецца — Дудзі́нкі, мн.[1]) — вёска ў Прыгарадным сельсавеце Барысаўскага раёну Менскай вобласьці.

Дудзінка
трансьліт. Dudzinka
Краіна: Беларусь
Вобласьць: Менская
Раён: Барысаўскі
Сельсавет: Прыгарадны
Насельніцтва: 70 чал. (2016)
Часавы пас: UTC+3
Тэлефонны код: +375 177
Паштовы індэкс: 222131
Нумарны знак: 5
Геаграфічныя каардынаты: 54°15′51.98″ пн. ш. 28°27′37.01″ у. д. / 54.2644389° пн. ш. 28.4602806° у. д. / 54.2644389; 28.4602806Каардынаты: 54°15′51.98″ пн. ш. 28°27′37.01″ у. д. / 54.2644389° пн. ш. 28.4602806° у. д. / 54.2644389; 28.4602806
Дудзінка на мапе Беларусі ±
Дудзінка
Дудзінка
Дудзінка
Дудзінка
Дудзінка
Дудзінка

Гісторыя рэдагаваць

Паводле археалягічных зьвестак, паселішча на тэрыторыі Дудзінкі зьявілася ў канцы 1-га тысячагодзьдзя н. э., захавалася старажытнае гарадзішча са знаходкамі культуры штрыхаванай керамікі. Гарадзішча ўзвышаецца над поймай Бярэзіны на 20 м, памеры пляцоўкі 36х26 м, з поўначы і ўсходу мае стромкія схілы да поймы, з поўдня — глыбокі яр, з захаду абаронена ровам і валам вышынёй 2 м. Вядома з канца XIX ст. У 1931 годзе яго дасьледаваў Аляксандар Ляўданскі, які выявіў ляпную кераміку і жалезны шлак. У 1979 годзе помнік дасьледаваў Георгі Штыхаў, была знойдзена ляпная кераміка VI—VIII ст., косткі жывёл.

Першыя ўспамін Дудзінкі ў крыніцах датаваны 1892 годам, гэта кантракт на арэнду фальварку Дудзінка, які адносіўся да маёнтку Старабарысаў. На мапах Дудзінка зьяўляецца таксама ў канцы ХІХ ст., першай была вярстоўка выдадзеная ў Санкт-Пецярбургу. Ранейшая датаваная знаходка на тэрыторыі фальварка — манэта ў 2 капейкі 1797 году.

У 1919—1920 гады па Бярэзіне праходзіў польска-савецкі фронт. На ўчастку вёскі ГлівінСтахаў, на якім знаходзілася і Дудзінка, 3-м пяхотным палком легіёнаў (3 Pułk Piechoty Legionów) створаны фартыфікацыйныя ўмацаваньні, якія добра захаваліся ў ваколіцах вёскі.

У 1920-1930-х гадах у Дудзінцы створаны саўгас, які займаўся гадоўляй трусоў.

Геалёгія рэдагаваць

Дудзінка разьмешчана ў даліне ракі Бярэзіны, на правым яе беразе. Рэльеф мясцовасьці складаны, сфармаваны ледніковымі марэннымі ўзвышшамі і рачнымі адкладамі, зь ясна паказанымі поймавымі тэрасамі, са значнымі перападамі вышынь, сыстэмай старыц і мэандраў. У геалягічным пляне гэтая тэрыторыя, як і блізкі Барысаў, знаходзіцца на ўсходнім схіле Беларускага крышталічнага масіву. Складаецца геалягічны разрэз раёну Дудзінкі з архэйска-ніжнепратэразойскага крышталічнага фундамэнту, вышэй залягаюць асадкавыя адклады верхняга пратэразоя, сярэдняга дэвона і чацьвярцічнай сыстэмы кайназоя, якія выходзяць на паверхню і прадстаўлены адкладамі ледавіка , пераважна марэннымі, з валунамі розных памераў, пяскамі, глінамі, супесямі, суглінкамі.

На тэрыторыі Дудзінкі знаходзіцца некалькі валуноў значных памераў, якія месьцяцца на ніжняй поймавай тэрасе, і шэраг больш дробных валуноў на верхняй поймавай тэрасе. Найбольшы валун знаходзіцца ля памятнага знаку, мае шэра-ружовы колер, даўжыню 2м 90см, шырыню 1м 95см, вышыню (бачную) 1м 50см. Валун калісьці меў большыя памеры (+ 1 м у шырыню), г.зн. зьяўляўся практычна ізамэтрычным, але быў разьбіты, і частка валуна была вывезена. Па складзе гэта буйназярністы парфірападобны гранадыярыт, тыповы для парод, прынесеных з тэрыторыі Скандынавіі. На захад ад гэтага валуну, таксама на ніжняй тэрасе, адзначаюцца два валуны меншых памераў: шэра-ружовы буйназярністы парфірападобны гранадыярыт памерам 0,87м х 0,70м х 0,42м і ружовы сярэднязярністы парфірападобны гранадыярыт памерам 1,12м х 0,68м х0,55м . Аналягічны па складзе сярэднезярністы гранадыярыт значных памераў месьціцца непадалёк на прыватнай тэрыторыі. Гэтыя валуны, як і больш дробныя валуны на верхняй поймавай тэрасе, прынесены ляднікамі, якія тройчы пакрывалі гэтыя мясьціны: Бярэзінскае абледзяненьне (480-460 тысячаў гадоў таму назад), Дняпроўскае абледзяненьне (320-260 т. гадоў т.н.), Соскае абледзяненьне (220-110 т. гадоў т.н.).

Экалёгія рэдагаваць

У навакольлі Дудзінцы ў 2007-2016 гадах адзначана больш за 120 відаў птушак, большасьць відаў гнязьдзіцца. Сярод іх ёсьь віды, занесеныя ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь. На гнездаваньні тут адзначаныя: дзяргач, дупель, пустальга, вялікі грыцук. Без прыкметаў гнездаваньня назіраліся: чорны бусел, арол-вужаед, малы арлец, чорны каршун, баталён. У пойме р. Бярэзіна насупраць вёскі знаходзіцца ўчастак для маніторынгу звычайных відаў птушак. Назіраньні тут праводзяцца з 2007 году. Вялікая разнастайнасьць відаў абумоўленая наяўнасьцю розных месцапражываньняў.

У 2012-2015 гадах у навакольлі Дудзінцы праводзілі вывучэньне фаўны стракоз. На р. Бярэзіна, яе старыцах і іншых участках агулам выяўлена 25 відаў. Найбольш часта можна назіраць каромысел вялікі, страказу крывава-чырвоную, стрэлку элегантную, прыгажуню бліскучую, бабку бронзавую. З рэдкіх відаў заўважаная лютка зялёная, якая знаходзіцца ля ўсходняй мяжы свайго арэалу. Апроч таго, адзначаныя такія цікавыя віды як каромысел чаротавы, каромысел памесны, страказа жоўтая, дзедка звычайны.

Галерэя рэдагаваць

Насельніцтва рэдагаваць

  • 2016 — 70 чалавек

Крыніцы рэдагаваць

  1. ^ а б Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Мінская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2003. — 604 с. ISBN 985-458-054-7. (djvu)