Дзіванна

род травяністых расьлінаў сямейства залозьнікавых

Дзіва́ннарод травяністых расьлінаў сямейства залозьнікавых.

Дзіванна
Звычайная дзіванна (штат Нэвада, ЗША)
Клясыфікацыя
НадцарстваЭўкарыёты
ЦарстваРасьліны
ГрупаСудзінкавыя расьліны
АддзелКветкавыя расьліны
КлясаДвухдольныя
АтрадЯсноткакветныя
СямействаЗалозьнікавыя
Бінамінальная намэнклятура
Verbascum Карл Лінэй
ITIS 33388 ·

Пераважна густаапушаныя з высокім і прамастойным сьцяблом ды суцэльным лісьцем. Кветкі адзінкавыя або па 2—10 у гронкападобным або мяцёлчатым суквецьці. Плод — каробачка. Існуюць 1-, 2- і шматгадовыя віды. Вядома каля 350 відаў, пашыраных пераважна ў Міжземнамор'і. Сустракаюцца дэкаратыўныя, фарбавальныя і лекавыя віды, якія выкарыстоўваюць у якасьці адхарквальнага і зьмякчальнага, ранагаючага і слабільнага, супрацьгліснага і супрацьзапаленчага сродка. У Беларусі налічвалася 7 дзікарослых відаў. У 1970-я гады Цэнтральны батанічны сад Акадэміі навук БССР увёў яшчэ адзін лекавы від. У чэрвені—ліпені для грудной гарбаты зьбіраюць кветкі і лісьце, а позна ўвосень — карані[1].

У якасьці пустазельля і зьдзічэлай расьліны сустракаецца ў Амэрыцы. Расьце ў сухіх пяшчаных сонечных месцах і сьветлых лясах. Лісьце чаргаванае і папарна зьбліжанае, цэльнае і рэдка перыстаразьдзельнае. Кветкі зь 5 пялёсткамі і звычайна жоўтыя, радзей фіялетавыя. Таксама кветкі бываюць адзіночныя, у гронках і каласах або ў складаных гронка- і коласападобных ды мяцёлчатых суквецьцях[2].

Беларусь рэдагаваць

Найбольшае пашырэньне ў Беларусі мелі 3 віды дзіванны. Таксама зрэдку трапляліся густакветная, лекавая і тараканавая дзіванна.

  • Звычайная дзіванна (мядзьведжае вуха). Мае народныя назвы каўтунічнік і касмак. Расьце на лясных палянах і схілах ды ў пясчаных мясьцінах, а таксама ў хмызьняку. Таксама яе вырошчваў Цэнтральны батанічны сад Акадэміі навук Беларусі. Квітнее ў чэрвені—верасьні. Двухгадовік вышынёй 50—150 см з моцным сьцяблом, укрытым попельна-белым лямцавым апушэньнем. Падоўжана-эліпсоіднае лісьце сыходзіць крыламі па сьцябле. Сьветла-жоўтыя кветкі ў густой коласападобнай гронцы. Вядомая ў якасьці лекавай расьліны зь Сярэднявечча. Выкарыстоўваецца ў народнай мэдыцыне.
  • Чорная дзіванна. Мае народную назву царская сьвечка. Расьце на лугах і сярод хмызьнякоў. Квітнее ў чэрвені—жніўні. Шматгоднік вышынёй 25—100 см зь верацёнападобным коранем і чырвона-бурым уверсе рабрыстым сьцяблом. Лісьце чаргаванае двойчыгародчастае. Зьверху — голае, а зьнізу — тонкалямцавае. Ніжняе і сярэдняе — яйцападобнае з круглаватай асновай, на доўгіх чарапках. Па 2—4 кветкі ў пазухах лінейных сукветкаў утвараюць гронку.
  • Мучністая дзіванна. Расьце на палях, лугах і каля дарог. Квітнее ў чэрвені—жніўні. Друхгадовік вышынёй 50 см. Сьцябло ўверсе востраграннае. Буйное лісьце зьнізу зялёнае, а ўверсе шараваталямцавае. Ніжняе — падоўжана-эліпсоіднае, мае звужаны чаранок. Верхняе — яйцападобнае, сядзячае. Кветкі жоўтыя і малочныя, па 3—7 у пазухах прыкветнікаў сабраныя ў гронкі, якія на верхавінцы сьцябла ўтвараюць пірамідную мяцёлку.
  • Джунгарская дзіванна. Прывезеная з Каўказу. Двухгадовік вышынёй 150 см, укрыты попельна-шэрым лямцавым апушэньнем. Прыкаранёвае і верхняе лісьце паўдоўжана-лянцэтнае, гародчатае, сэрцападобна-яйцападобнае. Па 2—7 кветак у галінках кожнай мяцёлцы. Каробачка шырокаэліпсоідная або адваротнаяйцападобная. Квітнее на 2-і год у ліпені—жніўні. Пладаносіць у жніўні—верасьні. Размнажаецца насеньнем[1].

Выкарыстаньне рэдагаваць

Адвар з кветак дзіванны выкарыстоўваюць у якасьці народных лекаў ад кашлю, астмы і іншых хваробаў органаў дыханьня, а таксама ад хваробаў страўніка, апёку і іншых пашкоджаньняў скуры. Таксама адварам дзіванны мыюць валасы для асьвятленьня і наданьня бляску. Урэшце адвар дзіванны быў адным з найбольш пашыраных напояў у Беларусі да сярэдзіны ХІХ стагодзьдзя, калі распаўсюдзілася чайная гарбата. Кветкі дзіванны зьмяшчаюць этэрны алей зь мядовым водарам, таму ў адвар дадаюць мёд. Падчас прыгатаваньня адвар кветак працэджваюць празь некалькі слаёў марлі, каб выдаліць валаскі, якія раздражняюць стрававод і страўнік. Для адвару бяруць сталовую лыжку высушаных кветак. Пасьля заліцьця кіпнем адстойваюць паўгадзіны. Таксама з кветак дзіванны і цукру робяць настой, які пакідаюць на некалькі дзён у слоіку[3].

У культуры рэдагаваць

У старажытнагрэцкім паданьні Адысэй ратаваўся ад чараў Цырцэі спаленьнем сьцёблаў дзіванны. У Літве здавён ад дзіванны запальваюць пахавальныя сьвечкі. У Старажытнасьці лічылася, што расьліна адпужвае злых духаў, бо яе пазьбягаюць жывёлы праз тое, што валаскі яе кветак раздражняюць стрававод і страўнік. Даўней са сьцёблаў дзіванны выраблялі паходні, вымачаныя воскам або лоем. Існуе прыказка: «Дзе расьце дзіванна — без пасагу панна», бо расьліна расьце ў неўрадлівых месцах, такіх як камяністыя схілы, сухія лугі, узбочыны дарог і стэпы. Эліза Ажэшка, якая была аматаркай зёлак, выкарыстала ў аповесьці «Хам» зарасьнік дзіванны ў якасьці вобразу няшчасьця, бо там Павал упершыню спрабаваў абняць Франку, якая ня мела пасагу. Ігнат Ходзька ў апавяданьні «Самавар» прыводзіць просьбу панны Саламеі да бацькі: «Ах! Самавары, татуню, самавар і чай! Гэта ж паўсюль п'юць гарбату зранку і ўвечары нават, а мы адны толькі ліпавым цьветам і дзіваннай душыцца мусім. Тата, далібог мусіш купіць самавар»[3].

Крыніцы рэдагаваць

  1. ^ а б Соф’я Дзьмітрыева, Галіна Пашына. Дзіванна // Энцыкляпэдыя прыроды Беларусі ў 5 тамах / гал.рэд. Іван Шамякін. — Менск: Беларуская савецкая энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 1983. — Т. 2. Гатня — Катынь. — С. 176177. — 522 с. — 10 000 ас.
  2. ^ Генадзь Вынаеў. Дзіванна // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 1998. — Т. 6: Дадаізм — Застава. — С. 111. — 576 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0106-0
  3. ^ а б Кухмістар Верашчака. «Дзе расьце дзіванна — без пасагу панна» // Ігуменскі тракт : газэта. — 11 лютага 2014. — № 4 (62).