Гісторыя Амсьціслава
Амсьціслаў — старажытнае магдэбурскае места, цэнтар гістарычнага рэгіёну. Да нашага часу тут захаваліся гарадзішчы Дзявочая Гара і Замкавая Гара, фрагмэнты даўняга Тупічэўскага манастыра (зруйнаваны савецкімі ўладамі), барокавыя касьцёл Сьвятога Міхала і калегіюм езуітаў, клясыцыстычная царква Сьвятой Тройцы і перабудаваны ў маскоўскім стылі колішні касьцёл Найсьвяцейшай Панны Марыі Анёльскай пры кляштары бэрнардынаў. Сярод мясцовых славутасьцяў вылучаецца касьцёл Найсьвяцейшай Панны Марыі пры кляштары кармэлітаў, помнік архітэктуры віленскага барока з унікальнымі фрэскамі, прысьвечанымі гвалту над мірным насельніцтвам з боку маскоўскіх захопнікаў у 1654 годзе. Гэты і іншыя архітэктурныя помнікі Амсьціслава з савецкіх часоў знаходзяцца ў занядбаным стане і патрабуюць неадкладнай кансэрвацыі і рэстаўрацыі.
Раньняе Сярэднявечча рэдагаваць
Першы пісьмовы ўпамін пра Амсьціслаў зьмяшчаецца ў грамаце князя смаленскага Расьціслава, якая датуецца 1136—1150 гадамі[1], хоць у пазьнейшай летапіснай крыніцы падаецца больш раньняя дата заснаваньня паселішча — 1135 год[2].
Пад 1156 годам Амсьціслаў упамінаецца ў Іпацьеўскім летапісе як горад Смаленскага княства. Старажытнае паселішча ўзьнікла на Замкавай гары (дасьледнікі ў 1959—1969 гадах выявілі тут культурны пласт з прадметамі ХІІ—XVІІ стагодзьдзяў, драўлянымі пабудовамі, маставымі) і складалася з замка, умацаванага ровам і валамі, і вакольнага места. У 2-й палове ХІІ ст. Амсьціслаў, імаверна, зьяўляўся другой рэзыдэнцыяй смаленскіх князёў. У 1180 годзе Раман Расьціслававіч адпісаў паселішча ў валоданьне свайму сыну Мсьціславу, які пераўтварыў яго ў сталіцу ўдзельнага княства. Расьціслаў Раманавіч — першы князь амсьціслаўскі.
Вялікае Княства Літоўскае рэдагаваць
У сярэдзіне XІV ст.[1] Амсьціслаў быў адхоплены Альгердам ад Смаленскага княства да Вялікага Княства Літоўскага, дзе застаўся ў валоданьні тутэйшай княскай дынастыі. Тагачаснае Амсьціслаўскае княства яднала ў сваім складзе воласьці ўздоўж сярэдняй плыні Сажа і Дняпра: Магілёў, Цяцерын, Княжыцы, Дрокаў, Крычаў, Папова Гара і Мглін, а таксама далучаную Вітаўтам воласьць Малохву ўздоўж правага берага ракі Віхра і яе прытока Малохвы.
У XІV—XV стагодзьдзяў Амсьціслаў быў гандлёва-рамесным цэнтрам, цесна зьвязаным эканамічна з Магілёвам, Вільняй, Кракавам, Ноўгарадам, Разаньню і іншымі местамі. У 1359 годзе вялікі князь Альгерд пасадзіў у Амсьціславе свайго намесьніка, а пазьней перадаў места свайму сыну Лугвену, заснавальніку роду князёў Мсьціслаўскіх[1]. У 1386 годзе каля места адбылася Амсьціслаўская бітва. 15 ліпеня 1410 году мясцовая харугва ўзяла ўдзел у Грунвальдзкай бітве.
У 1501 годзе пад Амсьціславам адбылася бітва паміж войскамі ВКЛ і Масковіі, у якой перамогу атрымала маскоўскія войскі. Апошнія, аднак, ня здолелі захапіць горад. На той жа час прыпадае згасаньне роду Лугвенавічаў, а Мсьціслаўскае княжаньне праз шлюбныя сувязі перайшло да заслаўскіх князёў. З 1527 году[1] Амсьціслаў праз згасаньне роду Заслаўскіх перайшоў у валоданьне вялікага князя Жыгімонта Аўгуста і стаў цэнтрам староства. Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай (1565—1566) места атрымала статус сталіцы Амсьціслаўскага ваяводзтва, у склад якога ўвайшла тэрыторыя колішняга Амсьціслаўскага княства, Крычаўскай воласьці і прыватных маёнткаў, папярэдне вылучаных зь іхнага складу[3]. У 1614 годзе ў Амсьціславе збудавалі першы касьцёл з фундацыі старосты Пятра Паца.
16 жніўня 1634 году кароль і вялікі князь Уладзіслаў Ваза надаў Амсьціславу Магдэбурскае права і мескі герб: «у залатым полі збройная рука зь мечам — Малая Пагоня»[4]. У 1637 годзе насупраць Замкавай гары збудавалі касьцёл і кляштар кармэлітаў, з 1654 году пачаў дзейнічаць кляштарны комплекс дамініканаў. У 1641 годзе непадалёк ад Амсьціслава браты Москавічы заснавалі Тупічэўскі мужчынскі манастыр. У 1690 годзе ў месьце аселі езуіты, якія трымалі тут місію, пазьней — рэзыдэнцыю і калегіюм[1]. 22 ліпеня 1654 году ў пачатку вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай маскоўскія захопнікі на чале з А. Трубяцкім учынілі ў Амсьціславе крывавы гвалт, у выніку якога загінулі амаль 15 000 чалавек, у жывых засталіся толькі каля 700 месьцічаў[5]. Места знаходзілася пад акупацыяй да 1661 году.
Пад уладай Расейскай імпэрыі рэдагаваць
У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772) Амсьціслаў апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе стаў цэнтрам правінцыі (з 1773 году цэнтар павету Магілёўскай губэрні). У гэты час тут дзейнічалі 6 мураваных цэркваў, 4 каталіцкія кляштары і адна драўляная царква. У 1781 годзе расейскія ўлады даравалі месту новы герб: у ніжняй часцы шчыта знаходзілася выява чырвонай лісіцы «якіх зьвяроў у ваколіцах гэтага места вельмі шмат маецца» (рас. каковыми зверьми окрестности сего города весьма изобилуют), у верхняй частцы — палова гербу Расейскай імпэрыі, аднак у 1797 годзе імпэратрыца расейская Кацярына II унесла зьмены ў герб: «чырвоны воўк галава ўлева» (рас. червлёный волк голова влево). На 1785 год у Амсьціславе было 502 двары, у 1791 годзе адкрылася шляхецкая, а ў 1810 годзе — духоўная вучэльня. У 1802 годзе ў месьце збудавалі сьвечачны завод.
На 1852 год у Амсьціславе працавалі дзьвюхклясная народная вучэльня, дваранская вучэльня, прыватная жаночая школа і 2 жыдоўскія вучэльні. У 1861 годзе працавалі вапнавы завод (з 1830 году), 2 плісавыя мануфактуры, фабрыка баваўняных тканін (з 1833 году) і крупадзёка, з 1865 году пачала працаваць гарбарня, з 1867 году — цагельня, з 1874 году — маслабойня. Дзейнічала паштовая станцыя на тракце Ворша — Клімавічы — Касьцюковічы, якая ў 1880 годзе мела 10 коней. У 1883 годзе адкрылася тэлеграфная станцыя, працавалі 136 крамаў, штогод праводзіліся 4 кірмашы.
Паводле перапісу (1897) у Амсьціславе дзейнічалі меская, духоўная і прыходзкая вучэльні, 17 дробных прадпрыемстваў, 3 лякарні. На 1914 год тут было 1048 будынкаў, зь іх 25 — мураваныя, працавалі 28 фабрыкаў і заводаў з агульнай колькасьцю ў 120 работнікаў, якія перапрацоўвалі сельскагаспадарчую сыравіну (вінакурня, паравы і вадзяны млыны, крупадзёрні, маслабойні, ваўначоска, мылаварня, цагляныя і ваннавыя прадпрыемствы, шкіпідарна-дзягцярны завод). У месьце была адна лякарня на 28 месцаў, амбуляторыя, аптэка, тры аптэкарскіх магазыны, 3 лекары, 4 аптэкары, 6 акушэрак і 6 фэльчараў на ўвесь павет. Колькасьцю шынкоў Амсьціслаў займаў другое месца ў губэрні пасьля Магілёва. Места асьвятлялася 82 газавымі ліхтарамі, вадой жыхары карысталіся з ракі і студняў. У 1899—1900 гадах выходзіла штотыднёвая газэта «Белорусский Комиссионер», у 1902 годзе — газэта «Белорусский корреспондент».
Найноўшы час рэдагаваць
25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Амсьціслаў абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі ён увайшоў у склад Беларускай ССР, аднак 16 студзеня Масква адабрала места разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР. У 1924 годзе Амсьціслаў вярнулі БССР, дзе ён стаў цэнтрам раёну Калінінскай акругі (з 1938 году ў Магілёўскай вобласьці). У 1928 годзе ў месьце збудавалі электрастанцыю. У 1930-я ў Амсьціславе працавалі пэдагагічны і фінансавы тэхнікумы, 4 сярэднія школы і школа-сямігодка, рэспубліканская школа слыху і мовы, школа працоўнай моладзі, 2-гадовая сярэдняя школа пэрсаналу, школа брыгадзіраў трактарных брыгадаў, раённая школа жывёлаводаў, дашкольная ўстанова, 3 дзіцячыя дамы, лякарня, амбуляторыя, аптэка, дзіцячы-жаночая кансультацыя, станцыі санітарна-эпідэмічнай і хуткай дапамогі, вэтэрырная лячэбніца, бібліятэка, дом культуры, клюбы, гістарычны і пэдагагічны музэі. У Другую сусьветную вайну з 14 ліпеня 1941 да 28 верасьня 1943 году места знаходзілася пад нямецкай акупацыяй.
2 сьнежня 2000 году на чарговым паседжаньні ўлады Амсьціслава зацьвердзілі герб места і раёну, распрацаваны Дзяржаўнай геральдычнай службай.
Галерэя рэдагаваць
Агульны выгляд рэдагаваць
-
1882 год
-
1905 год
-
да 1918 году
-
да 1930 году
Тупічэўшчына рэдагаваць
-
1890-я
-
1890-я
-
1890-я
-
1905
Касьцёл і калегіюм езуітаў рэдагаваць
-
1836
-
1836
-
1836
-
да 1918
Вуліца Кармэліцкая рэдагаваць
-
1912 г.
-
1913 г.
-
1913 г.
-
1913 г.
Вуліца Бэрнардынская рэдагаваць
-
XVIII ст.
-
1866
-
1913
-
да 1914
Вуліца Парадная рэдагаваць
-
1824
-
да 1918
-
да 1918
-
да 1918
Вуліца Смаленская рэдагаваць
-
да 1918
-
да 1918
-
да 1918
-
да 1918
Іншае рэдагаваць
-
Замкавая Гара
-
Замкавая Гара
-
Рынак
-
Рынак
-
Казімераўская Слабада. Сынагога
-
Плябанія
-
Лякарня
-
Мураваная сынагога і пажарная вежа
Крыніцы рэдагаваць
- ^ а б в г д Батвіннік М. Мсціслаў // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 321.
- ^ Ткачоў М., Трусаў А. Старажытны Мсціслаў. — Менск: Полымя, 1992.
- ^ Насевіч В. Мсціслаўскае ваяводства // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 321.
- ^ Цітоў А. Геральдыка Беларускіх местаў. — Менск, 1998. С. 200.
- ^ Сагановіч Г. Невядомая вайна: 1654—1667. — Менск, 1995.
Літаратура рэдагаваць
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 2000. — Т. 10: Малайзія — Мугаджары. — 544 с. — ISBN 985-11-0169-9
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — 788 с. — ISBN 985-11-0378-0
- Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 7, кн. 3. Магілёўская вобласць / рэдкал.: Т.У. Бялова (дырэктар) [і інш.]. — Менск: БелЭн, 2009. — 544 с. ISBN 978-985-11-0452-5.
- Ткачоў М., Трусаў А. Старажытны Мсціслаў. — Менск: Полымя, 1992. — 109 с.
- Цітоў А. Геральдыка Беларускіх местаў / Маст. А. Бажэнаў. — Менск: «Полымя», 1998. — 287 с.: іл. ISBN 985-07-0131-5.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1999. — Т. 5: М — Пуд. — 592 с. — ISBN 985-11-0141-9
- Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom VI: Malczyce — Netreba. — Warszawa, 1885.