Гон — старадаўняя адзінка вымярэньня даўжыні й плошчы, вядомая з XII ст. Велічыня яе вагалася каля 80-100 мэтраў. Першае ўжываньне слова гоны ў пісьмовых помніках выявіў Ізмаіл Сразьнеўскі ва ўстаўной смаленскай грамаце Смаленскага князя Расьціслава Мсьціславіча Смаленскай эпіскапіі ў 1150 годзе[1].


« …А у Дорогобужи три гоны короткій, а почестья гривни, а пять лисиць »

[2]

У літоўскіх мерах адлегласьці раўняўся 360 стопам або 60 сажаням.

Этымалёгія рэдагаваць

Утварылася слова «гон» ад дзеяслова «гнати» і першапачаткова мела значэньне адлегласьць ад аднаго павароту рабочай жывёлы (коней ці валоў) да другога ў час араньня. Утварэньне такога слова ад дзеяслова «гнати» стала магчымым таму, што ён меў значэньне «араць баразну», якое захоўваецца й у сучаснай беларускай мове. У сувязі з тым што ў час араньня звычайна праганяецца баразна пэўнай даўжыні (даўжыня гэта абумоўліваецца часьцей за ўсё даўжынёй участка), слова «гоны» набыло значэньне адзінкі даўжыні спачатку поля, а потым любой адлегласьці. Як сьведчаць помнікі, даўжыня гонаў у XVI ст. была каля 80 м.

  …въ приседленю волока одъ рѣки Мухавца одъ юга ко сѣверу тягнется на гоновъ четыредесяти пяти, а сіи гоны въ собе маютъ аршиновъ тридцать, а сесь аршинъ великихъ перстовъ или цалей сто… (1502 г.)  

[3]

  …ижь сынове отцу на кождый годъ маютъ давати выимку по д (4) копы жита а на яриво земли четверы гоны, а на ленъ д (4) лехи…(1539 г.)  

[4]

Сучаснасьць рэдагаваць

У сучаснай беларускай мове слова гоні (у дыялектах — таксама й гона) не страціла значэньня меры. Калі ў дыялектнай мове вызначаецца больш-менш канкрэтнае мэтрычнае значэньне, то ў літаратурнай — гэта мера няпэўнай даўжыні. Таксама слова гоні ў сучаснай беларускай мове ўжываецца са значэньнем «палетак, поле». Міхась Клышка ў «Матэрыялах для слоўніка сынонімаў» паставіў у адзін сынанімічны рад словы поле, ніва, гоні, палетак, лан[5]. 3 такім значэньнем слова гоні ўжываецца пераважна ў паэтычнай мове.

Крыніцы рэдагаваць

  1. ^ Срезневскій И. И. Матеріалы для словаря древнерусскаго языка по письменнымъ памятникамъ. — СПб.: Типографія Императорской Академіи наукъ, 1893. — Т. 1. А—К. — С. 550, 45. — 1420ст.+49 с.
  2. ^ Дополненія къ актамъ историческимъ, собранныя и изданныя Археографическою коммиссіею / Я. Бередниковъ, М. Коркуновъ. — СПб.: Типографія ІІ Отдѣленія Собственной Е. И. В. Канцеляріи, 1846. — Т. 1. — С. 5—10 (№ 4).
  3. ^ Археографическій сборникъ документовъ, относящихся къ исторіи Северо-Западной Руси издаваемый при Управленіи Виленскаго учебнаго округа. — Вильна: Печатня О. Блюмовича, 1869. — Т. 6. — С. 312 (№ 128). — XI,411 с.
  4. ^ Акты издаваемые Виленскою археографическою комиссіею. — Вильна: Типографія А. Г. Сыркина, 1890. — Т. XVII. Акты гродненскаго земскаго суда. — С. 13 (№ 36). — LXXIII,560 с.
  5. ^ Міхась Клышка. Слоўнік сінонімаў і блізказначных слоў. — Менск: Вышэйшая школа, 1976. — С. 327. — 592 с.

Літаратура рэдагаваць