Газета Слонімская

беларуская газэта

«Газета Слонімская» — пэрыядычнае выданьне ў Слоніме (Гарадзенская вобласьць, Беларусь).

Газета Слонімская
Тып газэта
Фармат 40 старонак, фармат А3
Галоўны рэдактар Віктар Валадашчук
Заснаваная 1997
Палітыка незалежная
Мова беларуская, расейская
Афіцыйны сайт gs.by

Выходныя зьвесткі рэдагаваць

32-палосны тыднёвік фармату А3 з 8-палосным укладышам газэты «Отдушина» агульным аб’ёмам 40 палос і тыражом (студзень 2013) 5050 асобнікаў.

Гісторыя рэдагаваць

«Газета Слонімская» — найстарэйшае незалежнае пэрыядычнае выданьне ў Слоніме (Гарадзенская вобласьць, Беларусь). Першапачаткова «ГС» выйшла 25 сьнежня 1938 году. Яе выдаўцамі былі беларускі паэт Сяргей Новік-Пяюн і ягоная жонка Людміла. Газэта выдавалася на польскай мове, бо дазвол рабіць беларускае выданьне Новікі не атрымалі ад уладаў. «Газета Слонімская» была незалежным выданьнем, адлюстроўвала грамадзкае й культурнае жыцьцё Слоніма й Слонімскага раёну. На пачатку 1939 году «ГС» спыніла існаваньне з прычыны забароны яе ўладамі й арышту выдаўца Сяргея Новіка-Пеюна.

«Газета Слонімская» была адноўлена ў 1997 годзе як грамадзка-палітычнае незалежнае выданьне. Яе заснавальнікам і галоўным рэдактарам зьяўляецца Віктар Валадашчук. Мова выданьня — беларуская й расейская. Першы нумар адроджанай «ГС» выйшаў 24 красавіка 1997 году накладам 3000 паасобнікаў. Зь цягам часу наклад узрос да 12 500 паасобнікаў. Павялічылася й тэрыторыя распаўсюджаньня газэты, на якой пражывае прыкладна 250 тысяч чалавек. «ГС» пачалі чытаць ня толькі ў Слонімскім, але й Зьдзецельскім, Зэльвенскім, Мастоўскім, Ваўкавыскім, Наваградзкім раёнах Гарадзеншчыны ды іншых рэгіёнах рэспублікі. У пачатку 2006 году, калі сярод іншых незалежных выданьняў Беларусі «Газета Слонімская» была выдалена з падпісных каталёгаў «Белпошты» і сыстэмы распаўсюджваньня праз шапікі «Белсаюздруку», наклад упаў да 7000 паасобнікаў.

Сёньняшні дзень рэдагаваць

Сёньня «Газета Слонімская» выходзіць на 40 старонках разам з рэклямнай газэтай «Отдушина» накладам больш за 5000 паасобнікаў. Газэта друкуецца ў колеры й чорна-белым фармаце А-3. Асноўнымі прынцыпамі «ГС» зьяўляюцца апэратыўнасьць, праўдзівасьць, прынцыповасьць у адлюстраваньні жыцьця рэгіёну. Газэта асьвятляе палітычныя, грамадзкія й культурныя падзеі, удзяляе ўвагу гісторыі роднага краю, спартыўнаму, рэлігійнаму й літаратурнаму жыцьцю. Акрамя папяровай, газэта мае й электронную вэрсію.

Уваходзіць у склад «Асацыяцыі выдаўцоў рэгіянальнай прэсы „Аб’яднаныя Масмедыі(be)“».

9 лістапада 2020 году дома ў заснавальніка газэты Ганны Валадашчук і ў рэдакцыі «Газеты Слонімскай» правялі ператрус, забралі кампутары, паралізавалі працу[1]. Нумар «Газеты Слонімскай» 11 лістапада не выйшаў у сьвет[1]. Ганна Валадашчук пакінула Беларусь праз пагрозу крымінальнага перасьледу[2].

18 лістапада 2020 году Ганна Валадашчук паведаміла, што ва ўмовах гвалту выдаваць газэту стала немагчыма, таму «Газета Слонімская» прыпыніла свой выхад на паўгода[3][4]. На думку старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэя Бастунца, ператрус «Газеты Слонімскай» пацьвярджае ціск уладаў на рэгіянальную прэсу[4].

Штотыднёвік не выходзіў з восені 2020 году і плянаваў аднавіць выхад[5]. Міністэрства інфармацыі ўнесла «Газету Слонімскую» й «Отдушину» ў рэестар друкаваных выданьняў, аднак друкарні ў Берасьці, Пінску й Гародні адмовіліся друкаваць недзяржаўныя газэты, напрыклад дырэктар Гарадзенскае друкарні Віталь Барцэвіч спаслаўся на «шчыльны графік» і «загружанасьць вытворчасьці»[5]. Тым ня менш рэдакцыя вырашыла працягнуць абнаўляць сайт[5].

Асноўныя рубрыкі й разьдзелы газэты рэдагаваць

  • Слонім
  • Наш край
  • Беларусь. Падзеі. Факты. Камэнтары
  • Увесь сьвет
  • Спорт
  • Рэкляма
  • Праграма тэлебачаньня
  • Наша хатка
  • Літаратура
  • Спадчына
  • Слонімскі гарнізон (вайсковая старонка)
  • Праменьчык (дзіцячая старонка)

Журналісты ў штаце рэдагаваць

  • Мікола Канановіч, намесьнік галоўнага рэдактара
  • Жанна Плешко, вядучы рэдактар стылістычны
  • Яўген Валадашчук, карэспандэнт
  • Кацярына Янушэвіч, карэспандэнт
  • Тацьцяна Плахетка, карэспандэнт
  • Уладзімер Шумель, карэспандэнт

Аўтары рэдагаваць

  • Ганна Валадашчук, начальнік рэклямнай службы
  • Руслан Корнеў, спартыўны аглядальнік
  • Аляксандр Захаранка, спартыўны аглядальнік
  • Язэп Палубятка, рэгіянальны карэспандэнт
  • Леанарда Юргілевіч, рэгіянальны карэспандэнт

Узнагароды рэдагаваць

  • Дыплём БАЖ «За адданасць прафесіі»
  • Ляўрэат прэміі Герда Буцэрыуса «Свабодная прэса Усходняй Эўропы» 2008 году

Крыніцы рэдагаваць

  1. ^ а б На этой неделе не вышла «Газета Слонімская»  (рас.) // Брестская газета : газэта. — 2020. — № 46 (935). — С. 24.
  2. ^ Радыё Свабода
  3. ^ “Газета Слонімская” прыпыніла свой выхад на паўгода (бел.). Беларуская асацыяцыя журналістаў (2020-11-18). Праверана 2020-11-20 г. Архіўная копія ад 2020-11-20 г.
  4. ^ а б Алесь Петрович. (2020-11-30) Обыск у издателя: как власти Беларуси давят на независимую прессу в регионах (рас.). Нямецкая хваляПраверана 2020-12-04 г. Архіўная копія ад 2020-12-02 г.
  5. ^ а б в Друкарні адмовіліся друкаваць недзяржаўную "Газету Слонімскую" (бел.). Эўрапейскае радыё для Беларусі (2021-06-04). Праверана 2021-06-04 г. Архіўная копія ад 2021-06-04 г.

Вонкавыя спасылкі рэдагаваць