Афіцэрскія курсы БКА

Афіцэ́рскія ку́рсы БКА — курсы падрыхтоўкі афіцэраў для Беларускай краёвай абароны, якія дзейнічалі ў Менску з сакавіка па чэрвень 1944 году й выкладаліся Францішкам Кушалем.

Перадумовы рэдагаваць

Галоўнай праблемай БКА была нястача афіцэрскіх кадраў. Яшчэ перад пачаткам мабілізацыі Кушаль зьвяртаў ўвагу на гэтае прэзыдэнта БЦР Радаслава Астроўскага, заявіўшы яму, што «беларускі афіцэрскі корпус вельмі слабы, а кадровых афіцэраў наогул няма». У скутку, да лютага-сакавіка 1944 году будучы афіцэрскі корпус БКА мусіў складацца з афіцэраў беларускай паліцыі й самааховы, якія да гэтага часу пасьпелі прайсьці падрыхтоўку на афіцэрскіх курсах БСА ў Менску або ў ваколіцах; былых афіцэраў Расейскай імпэратарскай арміі; калішніх афіцэраў Польскай арміі й колішніх афіцэраў Чырвонай Арміі. Кушаль пра гэта казаў:

Былi, праўда, яшчэ прапаршчыкі запасу царскае арміі, але гэта былі людзі старыя векам, вайскова зусiм бязвартасныя і ў бальшыні чужыя беларускай справе.

Дзейнасьць рэдагаваць

Першыя курсы пачаліся ў сярэдзіне сакавіка 1944 году. Слухачоў на іх было нават болей, чым разьлічвалі — 50 афіцэраў і 200 унтэр-афіцэраў. У першай палове красавіка 1944 году, пасьля сканчэньня гэтых курсаў, усе яны здалі іспыт у прысутнасьці фон Готбэрга. Пасьля гэтага, напрыканцы красавіка 1944 году, былі адкрытыя другія курсы.

Аднак, акром перашкаленьня афіцэраў й унтэр-афіцэраў, галоўнай задачай Менскіх курсаў было, на думку кіраўніцтва БКА, прыцягнуць на іх моладзь, якая яшчэ не служыла ў войску. Атрымаўшы згоду фон Готбэрга, БЦР правяла адпаведныя прапагандысцкія дзеі й, адначасова з трэцімі курсамі перападрыхтоўкі, у Менску ў 15 чэрвеня 1944 году была адкрытая афіцэрская школа, у якую было прынята 250 кандыдатаў. Збольшага гэта былі маладзёны са скончанай сярэдняй адукацыяй й амаль ўсе сябры СБМ. Іх шкаленьне мусіла цягнуцца шэсьць месяцаў, пасьля чаго яны б атрымалі першыя афіцэрскія годнасьці. Але гэтаму не было наканавана збыцца, бо ўжо 29 чэрвеня 1944 году афіцэрская школа мусіла эвакуявацца зь Менску, каб не патрапіць пад удар наступальнай Чырвонай Арміі.

У ліпені 1944 року зь Беларусі былі звакуяваныя шматлікія нацыянальныя паліцыйна-вайсковыя фармаваньні, у тым ліку афіцэрская школа БКА. Яны сканцэнтраваліся на тэрыторыі Ўсходняй Прусіі й Паўночнай Мазовіі, а ў верасьні ўжо былі ў Бэрліне.

Вынікі дзейнасьці рэдагаваць

Усяго ж з сакавіка па чэрвень 1944 году на курсах у Менску было перападрыхтавана блізу 150 афіцэраў і каля 600 унтэр-афіцэраў. Паводле Кушаля, з ваеннага й палітычнага пункту гледжаньня, гэта былі вельмі добрыя афіцэры й унтэр-афіцэры, цалкам адданыя ідэі стварэньня нацыянальных Беларускіх узброеных сілаў. Адзінай нястачай было тое, што іх было яўна замала каб утварыць такія ўзброеныя сілы.

Кіраўніцтва рэдагаваць

Зь нямецкага боку начальнікам курсаў перашкаленьня быў назначаны СС-гаўптштурмфюрэр Шнайдэр, які нёс адказнасьць толькі перад фон Готбэргам. Зь беларускага ж боку начальнікам быў назначаны капітан В. Чабатарэвіч. Выкладнікам курсаў стаў Францішак Кушаль.

Курсы рэдагаваць

  • Першы курс (сакавік — красавік)
  • Другі курс (травень — чэрвень)
  • Трэці курс (чэрвень)

Крыніцы рэдагаваць

Літаратура рэдагаваць