Сяргей Новік-Пяюн
Сяргей Новік-Пяюн (сапр. Сяргей Міхайлавіч Новік; 14 жніўня [ст. ст. 27 жніўня] 1906, в. Лявонавічы, Слуцкі павет, Менская губэрня, цяпер Нясьвіскі раён, Менская вобласьць — 26 жніўня 1994, Менск) — беларускі паэт і празаік.
Сяргей Новік-Пяюн лац. Siarhiej Novik-Piajun | |
Сяргей Новік-Пяюн у 1939 годзе | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Імя пры нараджэньні | Сяргей Міхайлавіч Новік |
Псэўданімы | Алесь Бярозка, Сяргей Пяюн і інш. |
Нарадзіўся | 14 жніўня [ст. ст. 27 жніўня] 1906 в. Лявонавічы, Слуцкі павет, Менская губэрня, цяпер Нясьвіскі раён, Менская вобласьць |
Памёр | 26 жніўня 1994 (88 гадоў) Менск, Беларусь |
Пахаваны | |
Літаратурная дзейнасьць | |
Род дзейнасьці | паэт, празаік |
Гады творчасьці | 1925—1984 |
Жанр | верш, проза |
Мова | беларуская мова, польская мова, расейская мова і эспэранта |
Дэбют | верш «Ня бядуй» (у часопісе «Студэнцкая думка» № 4, 1925 г.) |
Значныя творы | верш «Зорачкі» |
Псэўданімы: Алесь Бярозка; С. Каліноўскі; Малады Дзядок; Сяргей Пяюн; С. Стапанчык; Н. Сяргееў; Od naszego morza; Dziecko Pomorza; Gіos Њwiecki; Krasnoludek; Krasnoludek z Borуw Tucholskich; Stary Dziadok; Крыптанімы: Н.; С. Н.; С. П.; N.[a]
Біяграфія
рэдагавацьНарадзіўся 27 жніўня 1906 году ў вёсцы Лявонавічы Нясьвіскага раёна Менскай вобласьці ў сялянскай сям’і.
У 1918—1924 гадах вучыўся ў Нясьвіскай гімназіі, дзе прымаў удзел у скаўцкім руху; у 1925—1926 гадах на беларускіх настаўніцкіх курсах у Вільні.
У 1925 апублікаваў свой першы верш «Ня бядуй» у часопісе «Студэнцкая думка» (№ 4), пачаў выступаць у віленскіх прагрэсіўных беларускіх газэтах і часопісах з вершамі. У 1926 стварыў у роднай вёсцы хор (з 1963 народны) і тэатар. Арганізаваў гурток ТБШ, беларускую бібліятэку і тайныя школы ў Лявонавічах і навакольлі, за што ў 1926 за культурна-асьветніцкую работу высланы польскімі ўладамі ў Сьвеце над Віслай. Адбыў пяцігадовую ссылку на Памор’і (1926—1931).
У 1927—1931 супрацоўнік віленскага часопісу для дзяцей «Заранка», афармляў часопіс. У Вільні асобнымі выданьнямі выйшлі яго п’есы «Цудоўная ноч» (1927), «Ёлка Дзеда Мароза» (1927), «Прадка над крыжам» (1939), у зборніку «Сцэнічныя творы» (1927) — п’еса «Пакой у наймы».
Пасьля вяртаньня ў родныя мясьціны ў 1931 зноў арыштаваны і высланы пад нагляд паліцыі ў Слонім. Разам з жонкай Людмілай у 1938—1939 выдаваў польскамоўную газэту «Gazeta Słonimska». Чарговы раз арыштаваны польскімі ўладамі ў сакавіку 1939; сядзеў ў турме ў Баранавічах. Быў вызвалены пасьля прыходу Чырвонай Арміі.
У 1939—1940 працаваў у сыстэме народнай адукацыі інспэктарам Слонімскага раённага аддзела народнай асьветы, потым дырэктарам Слонімскага раённага краязнаўчага музэю (1940—1941). У чэрвені 1941 выратаваў экспанаты музэю разам з І. Стаброўскім, схаваўшы іх на ўскраіне горада.
Падтрымліваў сувязі з партызанамі. У 1943 годзе за сувязь з партызанамі арыштаваны СД; адпраўлены ў лягер сьмерці Калдычэва (быў прыгавораны фашысцкімі ўладамі да пакараньня сьмерцю). 4 ліпеня 1944 году падчас расстрэлу групы вязьняў (600 чалавек) паранены, прыкінуўся мёртвым, што і выратавала.
Пасьля вызваленьня Слоніму працаваў дырэктарам Слонімскага гістарычна-краязнаўчага музэю (1944). 14 сьнежня 1944 году арыштаваны органамі НКДБ; 24 сакавіка 1945 году ваенным трыбуналам войск НКУС Баранавіцкай вобласьці асуджаны за «здраду радзіме» на 10 гадоў пазбаўленьня волі і адпраўлены на Калыму. Вызвалены і рэабілітаваны Ваенным трыбуналам Беларускай ваеннай акругі ў пэрыяд з 5 лістапада 1958 да 18 сьнежня 1958 году.
У 1959 годзе вярнуўся ў Беларусь. Жыў у Слоніме, Нясьвіжы; з 1960 году — у Менску. Выступаў у беларускім рэспубліканскім друку. Некаторыя песьні на словы Новік-Пяюна лічацца народнымі, найбольш вядомыя з іх «Зорачкі» і «Над Шчарай» («Слонімскі вальс»). Пісаў на беларускай, рускай, польскай мовах і на эспэранта. Аўтар зборнікаў вершаў «Заўсёды з песьняй» (1984), кніжкі вершаў для дзяцей «Зорачкі ясныя» (1986), «Песьні з-за кратаў» (1993). Напісаў некалькі песень на свае вершы («Зорачкі», «Над Шчарай» і іншыя).
Сябра СП Беларусі з 1984 году. Сябра СП СССР з 1984 году. Асабовая справа Н.-П. № П-5614 з фатаздымкам захоўваецца ў архіве УКДБ Гарадзенскай вобласьці.
Бібліяграфія
рэдагаваць- Заўсёды з песняй. Мн., 1984;
- Зорачкі ясныя: Вершы. Мн., 1986.
- «Песьні з-за кратаў». Вершы, песьні, паэмы. Мн., 1993.
Заўвагі
рэдагаваць- ^ Пэўна ў артыкул Гарэлік Л. М. Новік-Пяюн Сяргей. // Беларускія пісьменнікі. Біябібліяграфічны слоўнік у 6 тамах. Т. 4. Мінск. 1994. С. 397. закралася памылка і псеўданімы Сяргея Новіка-Пяюна Od naszego morza, Dziecko Pomorza, Głos Świecki — гэта назвы перыядычных выданняў ў Паморскім ваяводстве Польшчы, куды ён дасылаў свае творы пад псеўданімам Krasnoludek ды Krasnoludek z Borów Tucholskich – гл. Саламевіч Я. Слоўнік беларускіх псеўданімаў і крыптанімаў /XVI-XX стст./. Мінск. 1983. С. 149.
Літаратура
рэдагаваць- Ліс А. Іскры з вогнішча // ЛіМ. 1966, 22 лют.;
- Пяткевіч А. Сцежкамі роднага краю // Наднёманскія былі. Мн., 1968;
- Лойка А. Душа рвалася да песень // ЛіМ. 1981, 9 кастр.;
- Шишигина К. Музы Несвижа. Мн., 1986;|БП, т. 4.